Як наследаваць Хрыста

V Звычайная нядзеля, Год B (07.02.2021)

Выйшаўшы з сінагогі, адразу прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча Сымона ляжала ў гарачцы, таму адразу сказалі Яму пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І пакінула яе гарачка, і яна прыслужвала ім.

Калі настаў вечар і зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; але не дазваляў злым духам казаць, што яны пазналі Яго.

На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Услед за Ім пайшоў Сымон і тыя, хто быў з ім. А калі знайшлі Яго, сказалі Яму: «Усе шукаюць Цябе!» Ён адказаў ім: «Пойдзем куды-небудзь у блізкія паселішчы, каб Я і там прапаведаваў, бо дзеля гэтага Я прыйшоў». І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.

(Мк 1, 29–39)

Як наследаваць Хрыста

У сённяшнім евангельскім чытанні маю ўвагу прыцягнулі 4 рэчы:

1) Пан Езус пайшоў у пустыню памаліцца;

2) Езус, юдэй, разам з супольнасцю вернікаў маліўся ў сінагозе па суботах;

3) Езус служыць сваімі талентамі людзям, якія просяць у Яго помачы;

4) Ён не дазваляе злым духам прамаўляць.

Гледзячы на гэтыя чатыры асаблівасці з нядзельнага чытання, я адкрываю, што гэтак жа чыняць многія мае знаёмыя сем’і і парафіяне, шчырыя вернікі, і адначасова мяне засмучае тое, што мноства сем’яў і парафіянаў не такія.

Першая рэч — гэта асабістая малітва кожнага верніка. Добрыя духоўныя кіраўнікі, такія як, напрыклад, св. Францішак Сальскі, вучаць, што сталы чалавек мусіць штодня знайсці хаця б гадзіну на асабістую малітву. Часам я, каб не пужаць тых, хто толькі ступае на шлях веры і сяброўства з Езусам, кажу: «Маліся штодня прынамсі столькі хвілін, колькі табе гадоў», неабавязкова за адзін раз, а на працягу ўсяго дня. Вядома, Дух Святы вядзе кожнага сваім непаўторным шляхам, але ў малітоўным жыцці нельга абапірацца толькі на спантанныя малітоўныя парывы, хоць такая малітва таксама па-свойму важная. Асноваю нашых сустрэчаў з Богам з’яўляецца прыязнасць да Бібліі і малітоўнік, дзе сабраныя малітоўныя пярліны з крыніцы Святога Пісання, напісаныя мудрымі і святымі мужчынамі і жанчынамі, якія моцна палюбілі Бога і чалавека. Пра асабістую малітву нам нагадвае сёння Пан Езус, які выправіўся на сустрэчу з Богам Айцом у адасобленае месца. Я сам вельмі цешуся, калі нашыя парафіяне карыстаюцца магчымасцю правесці гадзіну на асабістай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Такім чынам яны таксама наследуюць Езуса.

Сустракаючыся з маладымі сужэнствамі, якія хочуць ахрысціць сваё дзіця, я заўважаю, што некаторыя з іх няшмат удзяляюць увагі таму, што ўсёй сям’ёй, у тым ліку і з малымі дзецьмі, варта і трэба хадзіць на нядзельную святую Імшу, гэтак жа, як Пан Езус кожную суботу хадзіў у сінагогу. Езус праводзіў суботу ў супольнасці вернікаў, слухаючы Божае слова і молячыся. Прысутнічаць усёй сям’ёй на нядзельнай святой Імшы — гэта цудоўнае перажыванне, якое дазваляе далучыцца да агульнай малітвы парафіяльнай сям’і: гэта перадусім удзел у Пасхальнай ахвяры Пана Езуса, а яе па важнасці нельга параўнаць з ніводнай іншай малітвай ці набажэнствам. Гэта таксама сустрэча з жывым Божым словам, якое тлумачыць падчас казання святар. Апроч таго, удзел у нядзельнай Эўхарыстыі (заахвочваю прымаць у ёй удзел таксама і ў буднія дні) дазваляе ўмацаваць сувязь з парафіяльнай супольнасцю. Дзякуючы гэтай сустрэчы мы даведваемся, чым жыве парафія, слухаем аб’явы і атрымліваем запрашэнне карыстацца парафіяльнай бібліятэкай, прыходзіць на сустрэчы і прымаць удзел у розных падзеях, можам набываць каталіцкія часопісы і г. д.

Вельмі важна служыць парафіі сваімі талентамі і здольнасцямі і далучацца да яе клопатаў і радасцяў. Ёсць шмат сем’яў, якія цудоўна гэта разумеюць і так чыняць. Часам, калі ў сем’ях, што рыхтуюцца ахрысціць дзіця, няма тых, хто мог бы ўзяць на сябе адказнасць стаць хроснымі бацькамі, такіх людзей можна знайсці ў парафіяльнай сям’і, дзе падтрымліваюцца прыязныя адносіны.

Аднак здараецца, што я са страхам заўважаю сярод католікаў, у тымі ліку і сярод бацькоў, якія збіраюцца ахрысціць сваё любімае дзіцятка, тых, хто дазваляе прамаўляць злым духам і слухаецца іх. Узорам правільных паводзінаў для нас з’яўляецца Пан Езус, які гэтага не дазваляў. Калі католікі без разбору карыстаюцца інфармацыяй з «атручаных» крыніцаў, калі яны лічаць аўтарытэтамі людзей, якія ў справах маралі і праўдаў веры гавораць ерась і выказваюць памылковыя меркаванні, тады можна сказаць, што яны непаслухмяныя Богу, а слухаюць злога духа і не змогуць перадаць моцную веру сваім дзецям. Вылечыцца ад гэтага можна з дапамогаю адпаведнай інтэлектуальнай і духоўнай фармацыі (фармацыі сумлення), трэба чэрпаць веды з добрых крыніцаў, выток якіх — у Святым Пісанні, вучэнні Касцёла і біяграфіі святых.

Сумна і тое, што некаторыя людзі не ведаюць, якія ў Беларусі выдаюцца каталіцкія часопісы, не чытаюць іх альбо не маюць добрай сямейнай каталіцкай бібліятэкі. Так занядбоўваецца вялікая праца і ўменне выдаўцоў, рэдактараў і аўтараў артыкулаў і фельетонаў. Апроч таго, бывае, што католікі не ведаюць пра каталіцую інтэрнэт-прастору або не заходзяць на каталіцкія інфармацыйныя парталы. Яны часам не ведаюць, што існуе каталіцкае «Радыё Марыя», дзе можна паслухаць добрыя канферэнцыі, інтэрв’ю, хрысціянскую музыку і разам памаліцца. Грэх занядбання — не карыстацца багаццем добрых каталіцкіх часопісаў, кніг і медыя. Вялікае занядбанне — недахоп штодзённага звароту да Святога Пісання і няведанне Бібліі.

Няхай жа словы святога Паўла заахвочваюць нас, католікаў, дзяліцца сваёю вераю з тымі, чыя вера слабая, і маліцца за іх. Ставячы ў сваім жыцці Пана Бога на першае месца, святы Павел гаворыць: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16).


Айцец Раман Шульц OP

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней