«Каб свет быў збаўлены праз Яго…»

ІV Нядзеля Вялікага посту, Год В (14.03.2021)

Усе кіраўнікі святароў і народу памнажалі беззаконне сваё, ідучы следам за ўсёй агідай язычнікаў, і зняславілі дом Пана, які Ён асвяціў у Ерузалеме.  І Пан, Бог айцоў іхніх, пасылаў штодня праз пасланцоў сваіх, устаючы рана, перасцярогі, бо шкадаваў народ свой і жыллё сваё. Але яны здзекаваліся з пасланцоў Бога, і пагарджалі словамі Ягонымі, і насміхаліся з прарокаў Ягоных, пакуль не ўзняўся гнеў Пана на Ягоны народ і не было больш ніякага ратунку.

І падпалілі ворагі дом Божы, і разбурылі мур Ерузалема, і спалілі ўсе ўмацаванні агнём, а ўсё, што было каштоўнае, знішчылі. Тых жа, хто пазбегнуў мяча, павялі ў Бабілён, дзе яны сталі слугамі караля і сыноў ягоных, пакуль не пачаў валадарыць кароль персідскі, каб споўнілася слова Пана, сказанае вуснамі Ераміі: Пакуль зямля не нацешыцца суботамі сваімі, ва ўсе дні спусташэння свайго будзе святкаваць шабат на працягу сямідзесяці гадоў. 

У першы год валадарання караля персаў Кіра — каб споўнілася слова Пана, сказанае вуснамі Ераміі, – Пан абудзіў дух Кіра, караля персаў, які загадаў абвясціць ва ўсім валадарстве сваім пісьмова і вусна, кажучы:

Так кажа Кір, кароль персаў: «Усе валадарствы зямныя даў мне Пан, Бог нябёсаў, і Ён наказаў мне пабудаваць Яму дом у Ерузалеме, што ў Юдэі. Хто з вас паходзіць з народу Ягонага, няхай ён ідзе туды, а Пан Бог ягоны няхай будзе з ім».

(2 Кр 36, 14–16. 19–23)

А Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю. Ён уваскрасіў і пасадзіў нас на нябёсах у Хрысце Езусе, каб паказаць у наступных вяках нязмернае багацце сваёй ласкі праз дабрыню да нас у Хрысце Езусе. Вы ж збаўлены ласкаю праз веру. І гэта не ад вас, гэта Божы дар. І не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся. Мы – Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы паступалі згодна з імі.

(Эф 2, 4–10)

Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, таму што ўчынкі іхнія былі ліхія. Бо кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выявіліся яго ліхія ўчынкі. А хто чыніць праўду, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу.

(Ян 3, 14–21) 

«Каб свет быў збаўлены праз Яго…»

Сёння ў літургіі мы чуем словы, якія з’яўляюцца стрыжнем усяго Евангелля. Бог так палюбіў свет, што паслаў свайго Адзінароднага Сына, каб кожны, хто паверыць у Яго, быў збаўлены. Пан Езус гаворыць, што Бог пасылае Сына ў свет не для таго, каб асудзіць яго, а каб збавіць. Гэтыя словы — добрая навіна для мяне і для кожнага з нас. Яны сведчаць, што для Бога не маюць значэння нашыя дрэнныя ўчынкі і недахопы, Ён бескарысліва дае нам сваё збаўленне, удзел у сваім уваскрасенні.

Каб прыняць удзел ва ўваскрасенні, трэба прыняць удзел у сваёй смерці — смерці Хрыста, якая з’яўляецца і нашаю смерцю. Пан Езус гаворыць, што прыняць смерць — азначае прызнаць і прыняць свае грахі, а не імкнуцца ўвесь час некуды збегчы, каб дрэнныя ўчынкі не высветліліся. Пан Езус раіць не ісці дарогаю неразумнага сораму, жадаючы схаваць пад дываном зло, што ў нас ёсць, каб знешне ўсё выглядала добра. Ён заклікае выбраць іншы шлях: не толькі прызнацца ва ўчыненым зле, а таксама распазнаць свае слабасці і грахі ў Ягоным крыжы. Калі мы распазнаем свае грахі ў крыжы Хрыста, яны перастануць нас забіваць, бо Хрыстус, які ўзяў на сябе атруту гэтага свету, уваскрос.

Уваскрасенне — гэта стварэнне нанова, і Пан Езус увесь час прапануе нам паўдзельнічаць у гэтым. Так адбываецца нашае збаўленне. Гісторыю аб збаўленні і аднаўленні Пан Бог часта паказвае нам у Святым Пісанні. Сёння ў першым чытанні гучыць урывак з 2-й Кнігі Кронікаў: вельмі важны ўрывак для габрэяў, бо гэта быў канец іх Бібліі. Мы бачым у гэтым урыўку смерць народа і дзяржавы. Гісторыя габрэяў скончваецца: кароль і народ трапілі ў палон, Ерузалемская святыня зруйнавана, палацы спалены… Усяму канец. Аднак пасля гэтай смерці раптам гучаць словы надзеі — Бог пасылае натхненне ў сэрца заваёўніка Кіра, каб ён дазволіў усё зноў адбудаваць.

Пасля смерці прыходзіць уваскрасенне. Смерць і ўваскрасенне габрэйскага народа — толькі вобраз таго, што адбываецца ў нашым жыцці. Хрыстус узяў на сябе нашую смерць і жадае даць нам новае жыццё. Важна, каб мы былі гатовыя распазнаць сябе ў Яго смерці, распазнаць сваю смерць у Яго смерці. Каб нам не было страшна, Бог падбадзёрвае нас прызнаннем у любові. Ён гаворыць, што любіць нас больш, чым перашкаджаюць нам нашыя грахі і слабасці. Усё тое зло, якое чынілася з нашым удзелам, якое мы здзейснілі сваёю грэшнаю непаслухмянасцю, Ён можа вылечыць — можа аднавіць у нас першапачатковы вобраз свайго стварэння. І нават больш, чым толькі стварэння — сваіх улюбёных прыёмных дзяцей.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней