«Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі…»

ІV Велікодная нядзеля, Год В (25.04.2021)

Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак. Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго.

(Ян 10, 11–18)

«Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі…»

«Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр…» Традыцыя разумее гэтыя словы Заснавальніка і нябачнай Галавы паўсюднага Касцёла як Яго жаданне аб’яднаць усіх людзей у гэтым Касцёле пад кіраўніцтвам бачнай галавы — біскупа Рыма. Чаму менавіта Рыма? Таму што ўсе біскупы гэтага горада, называнага вечным, з’яўляюцца наступнікамі святога Апостала Пятра — скалы, на якой Езус Хрыстус заснаваў свой Касцёл і якому перадаў пастырскую ўладу ў ім, паколькі на зямлі людзі патрабуюць бачных знакаў ці то Боскай улады, ці Божай дапамогі — ласкі (у святых сакрамэнтах).

Аднак чалавечыя грахі, у першую чаргу пыха, прывялі спачатку да падзелу хрысціянаў, а потым і да рознага разумення самога хрысціянскага вучэння. У выніку сёння мы маем шмат рэлігійных аб’яднанняў, якія называюць сябе хрысціянскімі, і кожнае прэтэндуе на назву адзінай сапраўднай Царквы Хрыстовай. Але звычайная логіка падказвае, што «адзіная сапраўдная» можа быць толькі адна. Хіба што яна не адзіная (што пярэчыць Евангеллю), і ёсць шмат сапраўдных.

І, на жаль, сёння менавіта гэтая думка пранікае ў свядомасць многіх людзей, якія лічаць сябе вернікамі: маўляў, няважна, да якой канфесіі ты належыш, абы толькі ты быў добрым хрысціянінам, або нават проста «добрым чалавекам». Гэта вядзе да рэлігійнай абыякавасці, а потым і да практычнага атэізму: «галоўнае — не парушаць чалавечыя законы, і гэтага дастаткова». Але ці можна быць па-сапраўднаму добрым хрысціянінам, не прымаючы навукі Хрыста ва ўсёй яе паўнаце, або добрым чалавекам, не маючы моцнай сувязі з адзінаю крыніцаю дабра — Найвышэйшым Дабром, Богам — якая па Яго волі ажыццяўляецца праз святыя сакрамэнты? Так, усіх людзей можна назваць адносна добрымі, бо яны маюць у сабе Божы вобраз, а Бог не стварае зла, але дабро іх належыць Богу і даецца як аванс, каб узрастаць у ім пры дапамозе Божай ласкі, крыніцай якой з’яўляюцца сакрамэнты. А іх паўнату маюць толькі Каталіцкі Касцёл і Праваслаўныя Цэрквы. Але якая з гэтых супольнасцяў павінна называцца адзінай сапраўднай?

Імкненне да хрысціянскай еднасці прысутнічала на працягу многіх стагоддзяў, але яму ўвесь час перашкаджалі або палітычныя сітуацыі, або нездаровыя амбіцыі канкрэтных іерархаў, або недавер, або проста розныя погляды на адны і тыя ж рэчы, што вынікаюць з розных менталітэтаў ці культурных традыцый… Просты вернік не паглыбляецца ў дагматычныя ці юрыдычныя нюансы. Каляндар і літургія — вось тое, што непасрэдна датычыць яго рэлігійных практыкаў і сумлення.

Тыя, хто карыстаецца ўведзеным рымскім (!) імператарам Юліем Цэзарам у 46 г. да н. э. юліянскім календаром, лічаць, што прынамсі хрысціянскія святы павінны адзначацца паводле яго на той падставе, што ён дзейнічаў у евангельскія часы. Лагічна, але пры гэтым не бярэцца пад увагу факт, што з цягам часу юліянскі каляндар стаў моцна не супадаць з астранамічным, і рэформа папы Грыгорыя XIII у 1582 г. была праведзена з мэтаю ўзгаднення летазлічэння з аб’ектыўнай рэчаіснасцю, а зусім не дзеля «парушэння хрысціянскай еднасці», як часам мяркуюць некаторыя прадузятыя людзі. Для кагосьці важней фармальная дата, а для кагосьці — адпаведнасць реальнаму становішчу, дык як тут дайсці да кампрамісу?..

А што датычыць літургіі, то варта памятаць, што ў самім Каталіцкім Касцёле існуе больш за дваццаць літургічных рытуалаў, многія з якіх з’яўляюцца адпаведнікамі рытуалаў усходнехрысціянскіх Цэркваў, што не перашкаджае, у адрозненне ад апошніх, іх прыхільнікам заставацца ў еднасці з біскупам Рыма. Галоўнае ж — не форма, а змест, сутнасць, якая можа прымаць форму, больш адпаведную той ці іншай супольнасці, пры захаванні тоеснасці дактрыны. Гэта — як Святыя Постаці, што застаюцца сабой незалежна ад формы, памераў, аздаблення літургічных начынняў, ад якіх патрабуецца толькі тое, каб яны былі годнымі свайго прызначэння і не прафанавалі яго. Калі літургія дакладна адлюстроўвае праўды веры, і паспяхова рабіла гэта на працягу многіх стагоддзяў, яна мае права на існаванне і не страчвае актуальнасці, пакуль знаходзяцца тыя, каму яна дапамагае набліжацца да Бога.

Пытанні ўзнікаюць толькі тады, калі літургія перастае быць выразам аўтэнтычнай веры, а пачынае ператварацца ў поле для «крэатыўнасці» душпастыра і супольнасці, якую ён узначальвае. Узнікае небяспека, што такі «творчы» падыход да літургіі прывядзе і самога пастыра, і яго статак да суб’ектыўнага, нязгоднага з навукай Касцёла яе разумення, ажно да сектанцтва...

У сённяшні складаны час, калі рэлятывізм даходзіць да скрайнасці і нішчыць не толькі рэлігійнае, але маральнае і грамадскае жыццё цэлых народаў, варта памятаць, што ўсе спробы дайсці да еднасці будуць мець рэальныя шанцы на поспех толькі тады, калі, з аднаго боку, угрунтуецца свядомасць, што адзінства — не ва уніфікацыі і паглынанні меншасці большасцю, а ў захаванні і шанаванні ўсяго разнастайнага духоўнага багацця, якое дакладна перадае веру, пакінутую нам Хрыстом, а з іншага, калі ўсе больш уважліва і пакорна пачнуць прыслухоўвацца да голаса Боскага Пастыра, які дагэтуль гучыць у традыцыйнай навуцы Каталіцкага Касцёла, што выстаяў, нягледзячы на шматлікія жорсткія пераследы і імкненні знішчыць яго знутры, перажыў шмат палітычных сістэмаў і будзе існаваць аж да сканчэння вякоў і канчатковага аб’яданння з Хрыстом у Валадарстве Нябесным.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней