ХХVІІ Звычайная нядзеля, Год B (03.10.2021)
Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Што наказаў вам Майсей?» Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца». А Езус адказаў ім: «Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэты наказ, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае». У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць».
Прыносілі да Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні забаранялі ім. Убачыўшы гэта, Езус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго». І, абняўшы іх, благаславіў, ускладаючы на іх рукі.
(Мк 10, 2–16)
Прадчуванне ці адчуванне?
«Я нічога не разумею, — сказаў адзін з тых, што хадзілі за Ім. — Спачатку ў справе разводаў усё сурова, ва ўсім дакладны парадк. А калі дзеці бегаюць, шумяць і крычаць, Ён не бачыць у гэтым праблемы!» «Ды яшчэ і кажа, што такім, як яны, належыць Божае Валадарства», — дадаў другі. «А здавалася, што мы ўжо разумеем, пра што Ён гамоніць», — пашкадаваў трэці.
Калі ў штодзённым жыцці інтуіцыя раптоўна нас падводзіць, мы тлумачым гэта малым досведам або паспешлівасцю суджэння. Аднак калі гаворка ідзе пра духоўнае жыццё, нам бывае цяжэй пагадзіцца з тым, што «духоўнае пазнанне» нас падвяло. Магчыма, гэта звязана з тым, што мы ўспрымаем духоўнае жыццё як «сваё», бо яно адбываецца «ў нас, унутры», і таму мы нібыта маем на ягo большае права, як і на ўсё, што датычыць нашага ўнутранага свету. Адсюль адзін толькі крок да таго, каб палічыць законам уласнае меркаванне: я так думаю, значыць, так і павінна быць.
Калі, ідучы следам за Езусам, мы кіруемся найперш сваімі прадчуваннямі, з націскам на слова «адчуваннямі», то можна дайсці да таго, што нам будзе з Ім ужо не па дарозе. Асабліва часта гэта здараецца тады, калі Хрыстус паказвае нам даўжэйшую дарогу, якая патрабуе ад нас большых высілкаў, або ўвогуле пакручастую сцежку. Інтуіцыя, прадчуванне падказваюць нам, што трэба шукаць дарогу напрасткі, бакавую сцежку, і ўрэшце мы пераконваемся, што рашэнне, якое мусіла аблегчыць шлях, давяло нас да поўнага бездарожжа. Натуральна з’явіцца жаданне закрычыць: «Для чаго добры Бог гэта дазволіў?! Мне здавалася, што ўсё ідзе так добра!»
Хоць і трэба слухацца ўнутранага голасу, мы павінны пры гэтым не забывацца, што існуе Хтосьці, Хто бліжэй да мяне за маё ўласнае ўнутранае жыццё, Хто ведае мяне яшчэ да майго нараджэння. І Ён не пераменіць пра мяне сваё меркаванне. Месца ў небе заўсёды падрыхтавана для мяне, нават калі я не адчуваю сябе годным туды ўвайсці.
Калі ўласныя прадчуванні засцілаюць нам шлях, калі зацвярдзеласць сэрца зводзіць з правільнай дарогі, Езус стаіць перад намі і гаворыць: «На самым пачатку стварэння…» Той, Хто існаваў перадусім, нагадвае нам, што шлях навяртання пачынаецца з таго, каб паглядзець на пачатак шляху — на Яго самога, бо Ён — Любоў і заўсёды дазваляе прыйсці да сябе. Усё для таго, каб мы пераканаліся, што з Ім заўсёды лепш, чым быць асобна, самім па сабе.
Айцец Гжэгаж Курась OP
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl