ХХVIII Звычайная нядзеля, Год B (10.10.2021)
Калі Езус выходзіў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» Езус сказаў яму: «Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці».
А той адказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». Езус паглядзеў на яго з любоўю і сказаў: «Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною». Але ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.
Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: «Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае». Вучні дзівіліся з Ягоных слоў. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: «Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: «Хто ж можа збавіцца?» Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма».
(Мк 10, 17–27)
Атрымай усё
Сёння ў Евангеллі мы бачым, як да Пана Езуса прыходзіць нейкі чалавек і пытаецца, як дасягнуць вечнага жыцця. Гэта добры чалавек, ён з маладосці імкнецца выконваць Божыя запаведзі, стараецца не грашыць. Пан Езус прымае яго з любоўю і наказвае прадаць усё, што той мае, запрашаючы ісці за сабою. Гэты чалавек быў вельмі багаты, і яму аказалася вельмі складана прыняць словы Пана Езуса. І не толькі яму. Я сам, калі чую гэтыя словы, трывожуся. Не таму, што я надта багаты і мне цяжка пакінуць сваю вялікую маёмасць, але я ўвогуле разумею, як цяжка пакінуць нешта звыклае і дарагое. Пытанне ў тым, чаму Пан Езус патрабуе ад яго такой вялікай ахвяры?
Парадокс, але Пан Бог патрабуе не ахвяры, Ён хоча вызваліць чалавека і даць яму яшчэ больш, чым ён мае. Але спачатку — вызваліць. Усе матэрыяльныя даброты: грошы, нерухомасць і г.д. — гэта даброты, але яны заўсёды павінны быць сродкам, а не мэтаю, і мы заўсёды мусім падпарадкоўваць іх сваім патрэбам, а не наадварот. Мы павінны ўмець іх траціць дзеля дабра. Можна сказаць, што, калі мы трацім матэрыяльныя даброты на нейкую добрую справу, то замяняем іх любоўю.
Але здараецца, што таму, хто назбіраў шмат матэрыяльных дабротаў, цяжка адмовіцца ад іх, яны абмяжоўваюць яго, знявольваюць, ён няздольны аддаваць. Гэта падобна на чалавека з вялікай лішняй вагой: тлушч патрэбны чалавечаму арганізму дзеля цяпла, энергіі, але калі яго шмат, чалавеку складана яго скінуць і складана з ім жыць. Пан Езус хоча вызваліць чалавека, які звярнуўся да Яго, ад такога «атлушчэння» сэрца. Той імкнецца да самай важнай мэты: дасягнуць вечнага жыцця, але часовыя даброты, якімі ён валодае, сталі для яго вязніцай, і таму ён не можа ісці за Панам Езусам.
Аднак Езус хоча даць яму і кожнаму з нас яшчэ больш, чым мы маем. Некалькі дзён таму мы святкавалі ўспамін святога Францішка Асізскага. Я неяк разважаў пра беднасць гэтага вялікага святога і зразумеў, што Францішак не хацеў быць бедным дзеля беднасці, ён проста хацеў мець усё. Ён не хацеў валодаць толькі нейкай часткай створанага Богам свету, а хацеў як спадкаемца і Божае дзіця мець увесь гэты свет. Чым я магу валодаць як маёмасцю? Нейкім участкам зямлі, напрыклад. Бачыце тут корань «частка»? Па-лацінску і па-англійску нейкая ўласнасць — private, гэта той самы корань. Такім чынам, ёсць нейкая «частка» свету, якой мы кіруем і якой карыстаемся. Гэта добра, вядома, але нам трэба памятаць, што мы пакліканыя валодаць не толькі гэтаю «часткаю», але ўсім цэлым. Пан Езус тлумачыць, што насамрэч хоча, каб мы былі гатовыя аддаваць для таго, каб у нас было месца, дзе мы можам прыняць, прыняць гэты свет. Таму Ён кажа: дзеля Мяне і Божага Валадарства пакінь свой дом, бацьку і маці, братоў і сясцёр, то бок — атрымай яшчэ больш, і не толькі часова, у зямным жыцці, але і ў жыцці вечным.
Айцец Крыштаф Коц’ян OP