ІІІ Звычайная нядзеля, Год С (23.01.2022).
Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра старажытны абрад намашчэння, які знайшоў вышэйшае ўвасабленне ў сакрамэнце хросту, што чыніць нас хрысціянамі — памазанікамі.
Паколькі ўжо многія імкнуліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас, як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і слугамі слова, вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле, каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны.
Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею. І разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. А Ён навучаў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана:
«Дух Пана на Мне,
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана».
Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі».
(Лк 1, 1–4; 4, 14–21)
Знак намашчэння
Ужо ў Старым Запавеце мы бачым абрад намашчэння святым алеем людзей, якім даецца духоўная або палітычная ўлада, таму слова «намашчаны» або «памазанік» (па-габрэйску «Машыях» — «Месія») першапачаткова абазначала менавіта іх — святароў або каралёў. Праз гэты абрад яны станавіліся ўвасабленнем Боскай волі ў адносінах да выбранага народа. Грэцкае слова «Хрістос» з’яўляецца перакладам габрэйскага «Месія» і стала часткаю імя Уцелаўлёнага Бога, у якім дасканалым чынам праявілася воля Айца Нябеснага, яе абвяшчэнне і здзяйсненне, пра што Ён сам гаворыць, спасылаючыся на прароцтва Ісаі.
Праз хрост мы ўсе атрымліваем імя хрысціянаў. Гэты сакрамэнт, як і канфірмацыя, і службовае святарства, уключае намашчэнне хрызмай — святым алеем — і чыніць нас саўдзельнікамі місіі Божага Памазаніка Хрыста: «абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім… вызваленне палонным… сляпым вяртаць зрок… выпусціць спакутаваных на свабоду…» Усё гэта Ён нам даў праз сваю ласку, каб мы і самі карысталіся Божымі дарамі, і сваім сведчаннем у асабістым і грамадскім жыцці служылі іншым, перамагаючы грэх і спрыяючы прыйсцю Валадарства справядлівасці, любові і супакою.
На жаль, часта мы забываемся пра тое, што мы — памазанікі Божыя, і вяртаемся ў цемру і няволю граху; зусім непрыкмента зварочваем з Божага шляху на заблытаныя сцежкі людскіх жарсцяў, меркаванняў, слабасцяў, трапляючы ў дрыгву бязбожнага свету, якая зацягвае ўсё глыбей і глыбей…
Чалавек хоча быць кімсьці важным, каб з ім лічыліся, паважалі і г.д. Гэта адлюстраванне нашага прызначэння да ўдзелу ў Боскім жыцці і панаванні над светам. Толькі грахоўная заслепленасць не дазваляе нам убачыць гэтай узнёслай перспектывы і змушае задавальняцца зямной славай, багаццем, становішчам, якія аднак не могуць заспакоіць чалавечае сэрца, створанае для Бога. Чалавек хоча і павінен быць свабодным, але нават калі яму і дадзена ўлада над іншымі людзьмі, а ён няздольны запанаваць над уласнымі эмоцыямі і інстынктамі, ці можна яго назваць па-сапраўднаму вольным? Калі хто вельмі пераймаецца тым, што пра яго скажуць або падумаюць іншыя людзі, і зусім не турбуецца аб тым, як ён выглядае ў вачах Бога, ці не з’яўляецца ён сляпым духоўна і ці не патрабуе аздараўлення, якое не дасць ніякі зямны лекар?...
На самай справе быць хрысціянінам — гэта найвышэйшы гонар, які не залежыць ад паходжання, стану, багацця і г.д. Кожны на сваім месцы па-свойму можа спаўняць прароцкую, каралеўскую і святарскую місію, уласцівую ўсім ахрышчаным. І не толькі можа, але і павінен рабіць усё, што ад яго залежыць, каб прыклад яго жыцця быў для свету знакам сапраўднай годнасці і свабоды чалавека, што з’яўляецца дзіцем Божым не толькі на словах…
Айцец Міхал Ермашкевіч OP