
Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Курасем ОР мы разважаем пра давер да Хрыста і ўменне слухаць Яго з любові, бо гэта дазваляе Яму больш расказаць нам пра сябе самога.
IV Звычайная нядзеля, год С (30.01.2022)
І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі». Усе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: «Ці ж не сын Юзафа гэта?» А Ён сказаў ім: «Напэўна, скажаце мне такую прыказку: “Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме”». І сказаў: «Сапраўды кажу вам: ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго. Сапраўды кажу вам: шмат удоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было зачынена тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача сірыйца Наамана».
Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. Але Ён, прайшоўшы паміж імі, адышоў.
(Лк 4, 21–30)
Здзіўленне
Дзіўна развіваецца гутарка, якую вядзе Езус у сваім родным мястэчку. Спачатку слухачы глядзяць на Яго з недаверам, а пасля пачынаюць услых сумнявацца ў Ім. Езус, разумеючы, што іх трывожыць, звяртаецца да іх з прыпавесцю пра лекара.
Для чаго Ён вядзе гэтую размову, яшчэ і ў сваім родным краі? Калі Езус быў у Кафарнауме, Ён не толькі вучыў там, але і аздараўляў. Напэўна, чуткі пра гэта дайшлі і да Назарэта — мястэчка, дзе выхоўваўся Езус, адкуль паходзіла Марыя... і дзе памёр святы Юзаф. Магчыма, насельнікі Назарэта здзівіліся, што Езус аздараўляў іншых, а свайго бацьку не ўратаваў. Як і ў выпадку з многімі біблійнымі ўрыўкамі, гэта, вядома, толькі здагадкі, не ўсё ў Святым Пісанні гаворыцца дакладна.
У нас бывае гэтак жа: розныя выпадкі ў нашым жыцці, нашыя радасці, змаганні, перамогі і паразы складаюцца з розных частак, і не пра ўсе з іх можна расказаць — не хапае словаў, голас дрыжыць, сэрца пачынае біцца мацней. Мы бачым, як гэта перажываюць іншыя людзі і ведаем, што ў такія моманты адчуваем унутры сябе.
Што ж нам застаецца? Не дапытвацца, не раздумваць, а ісці далей. Як Езус, які не тлумачыць, не высвятляе... а захоўвае для сябе частку сваёй гісторыі. Ён адыходзіць, каб пазней адкрыць нешта большае пра сябе, тады, калі мы мацней прылепімся да Яго, прызвычаімся. Ён будзе гаварыць з намі, калі ўбачыць, што мы гатовыя.
Застацца з любові, а не з цікаўнасці, не з жадання ўпэўніцца, што мае здагадкі спраўдзіліся. Магчыма, падчас дарогі знойдуцца словы, каб расказаць пра тое, што ўкрыта ў цемры?
Айцец Гжэгаж Курась OP.
Пераклад з польскай мовы Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.