VIІІ Звычайная нядзеля, Год С (27.02.2022)
Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем на вельмі актуальную ў нашыя дні тэму: як спраўляцца з патокам дрэнных навінаў, які ліецца на нас з усіх бакоў: са СМІ, з вуснаў знаёмых і незнаёмых людзей і часам перапаўняе і нашы ўласныя думкі.
І расказаў ім такую прыпавесць: «Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму? Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік. Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Як ты можаш казаць брату свайму: “Браце, дай, я выму шчэпку з вока твайго”, калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.
Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з дрэннага сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.
(Лк 6, 39–45)
«Пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя…»
Многія людзі лічаць ледзь не сваім абавязкам выказвацца наконт падзей ці асобаў, што так ці інакш прыцягваюць да сябе ўвагу. І няма асаблівай розніцы, робіцца гэта праз сацыяльныя сеткі ці на лаўцы каля дома, хіба што ў першым выпадку значна пашыраецца кола асобаў, што ўспрымаюць гэтую інфармацыю, а яна пераважна мае адмоўную афарбоўку. Нават у добрых рэчах нам часта бачыцца нейкі падвох, няшчырыя намеры, а абарона пэўных каштоўнасцяў зводзіцца да нападаў у бок тых, хто мае супрацьлеглы пункт гледжання. На жаль, такі прыклад даюць і сродкі масавай інфармацыі: на адну добрую навіну прыходзіцца аж некалькі дрэнных навінаў, або такіх, што маюць сумніўную вартасць у святле маральнасці. Наўрад ці такі расклад паспрыяе аптымістычнаму погляду на жыццё. Карысць ад падобных навінаў можа быць толькі тады, калі вернікі здагадаюцца хоць крыху памаліцца за вінаваўцаў зла і за іх ахвяраў, а таксама за распаўсюджвальнікаў амаральных поглядаў і недапушчальных парадаў і «рэцэптаў» шчасця.
Толькі ці часта адбываецца такая малітва? Ці не часцей вернікі таксама ўцягваюцца ў абмен меркаваннямі, не думаючы, наколькі гэта служыць пашырэнню дабра ў свеце, набліжэнню суразмоўцаў да вучэння Хрыста, памнажэнню добрых прыкладаў?
Безумоўна, нельга заставацца абыякавымі да знешняга зла. Але яшчэ горш — быць абыякавымі да зла ва ўласнай душы, якое выяўляецца праз негатыўныя выказванні: «пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя». Цнатліваму чалавеку проста ў галаву не можа прыйсці падазраваць іншых у тым, што яму самому невядома: у брудных намерах, махлярстве, падмане і г.д. А нават калі яму і давялося сустрэцца з тым ці іншым злом, размова пра яго не будзе прыносіць радасці. Тое, што абурае, не можа стаць для яго прадметам упадабання і смакавання ў размове. Перш чым выказацца на адмоўную тэму, такі чалавек старанна падумае пра наступствы: наколькі гэта паспрыяе паляпшэнню сітуацыі. Цнатлівы чалавек ні ва ўчынках, ні ў словах, ні нават у думках не згодзіцца на зло не толькі пад пагрозаю непазбежнай адплаты за яго, але і тады, калі ёсць рэальныя перспектывы прынамсі ў гэтым зямным жыцці пазбегнуць пакарання альбо ўзнікнуць апраўдальныя абставіны для ўчынка.
І наадварот, той, хто пазбягае грэшных учынкаў толькі з прычыны нейкіх фактараў, якія яго стрымліваюць, аднак знаходзіць задавальненне ў абмеркаванні грахоў іншых, а таксама ў праглядзе або слуханні негатыўнай інфармацыі, выкрывае сам сябе, сваё ўнутранае зло, а часта і скрытае жаданне апынуцца на месцы аб’ектаў сваёй увагі. За знешнім асуджэннем хаваецца часам звычайная зайздрасць, а не клопат пра маральнасць, справядлівасць або праўду. Нездарма ж кажуць: «Што каму баліць, той пра тое і гаворыць»…
З іншага боку, жаданне выкінуць з сябе негатыў, які з усіх бакоў пранікае ў свядомасць, цалкам натуральнае, нельга даць яму сябе знішчыць. Але рабіць гэта трэба не праз абцяжарванне негатывам іншых, якія наўрад ці што могуць зрабіць, каб нейтралізаваць разбуральнае дзеянне зла, а праз адданне яго Богу, які і прыйшоў на зямлю, каб прыняць на сябе грахі свету і прыбіць да свайго крыжа: «Вось Той, хто бярэ на сябе, нясе грэх свету і нішчыць яго ўладу» — такі поўны сэнс фразы, якую мы чуем перад прыняццем святой Камуніі, у дакладным перакладзе з грэцкай і лацінскай моваў. Божая ласка даецца нам у святых сакрамэнтах, каб мы маглі рэальна супрацьстаяць злу і перамагаць яго канкрэтным дабром, а не пустымі і шкоднымі размовамі. Дапушчальна гаварыць іншым пра нейкі негатыў толькі дзеля перасцярогі або каб спыніць распаўсюджванне канкрэтнага зла. Але рабіць гэта трэба з любоўю і без суб’ектыўных каментарыяў.
Вялікі пост, які хутка пачынаецца, — гэта спрыяльны час, каб вызваляцца не толькі ад вялікіх грахоў (якія, можа, не ў кожнага і бываюць), але і ад брыдкаслоўя, грэшных упадабанняў і цікавасці, непатрэбных размоваў пра чужыя грахі. Асалода ад цнатлівага жыцця ў згодзе з Богам нашмат пераўзыходзіць сумніўнае задавальненне ад капання ў негатыве, а праца над сабою пры дапамозе сакрамэнтальнай ласкі не пакіне часу і жадання, каб вучыць іншых жыць праз ацэнку іх паводзінаў, а дасць месца добраму прыкладу, які па-сапраўднаму паспрыяе пашырэнню дабра вакол нас і наблізіць яго да Крыніцы.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP