Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, як Божае слова пераклікаецца з нашым жыццём, як простыя біблійныя вобразы дапамагаюць нам асэнсоўваць сваё жыццё.

ІIІ Нядзеля Вялікага посту, Год С (20.03.2022)

У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. А Ён адказаў ім на гэтае: «Думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце».

І расказаў такую прыпавесць: «Адзін чалавек меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду, але не знайшоў. Тады сказаў вінаградару: “Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?” Але той сказаў яму ў адказ: “Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе”».

(Лк 13, 1–9)

У чаканні ўраджаю

Сімвалічна тое, што гэтыя словы Евангелля пра смакоўніцу, якая яшчэ не дала пладоў, мы чуем вясною, калі многія рыхтуюцца да сезону пасеваў, займаюцца рассадай і насеннем. Слова Божае як ніколі сугучнае з тым, што мы перажываем. Варта падкрэсліць, што, рыхтуючыся да розных працаў на зямлі, мы больш-менш выразна ўяўляем час, калі трэба будзе збіраць плён. Іначай усе нашыя намаганні акажуцца бессэнсоўнай мітуснёй. Мы спадзяемся, што, пасадзіўшы агародніну і даглядаючы яе, атрымаем нейкія плады — гэта натуральна. Нават тыя расліны, якія лічацца пустазеллем, даюць насенне. Чаму тады так лёгка забыцца пра тое, што вынікам чалавечага жыцця таксама з’яўляецца пэўны плод? А жніво — гэта сімвал мяжы паміж заканчэннем зямнога жыцця і пераходам у вечнасць. Мы можам паўплываць на колькасць і якасць ураджаю толькі падчас росту і развіцця расліны, і гэтак жа можам нешта змяніць толькі да той пары, пакуль працягваецца нашая зямная пілігрымка. Пра гэта нагадвае таксама прыпавесць пра жабрака і Лазара (Лк 16, 19–31), якую мы нядаўна чулі ў літургіі.

Усведамленне сэнсоўнасці жыцця — вельмі істотны крок на шляху навяртання. Не менш важна заўважыць, што не мы вызначаем альбо выдумляем сабе сэнс жыцця. Ёсць Той, хто нам яго адкрывае, бо Ён сам з’яўляецца сэнсам усяго існага, а нам застаецца верна трымацца святла аб’яўленай праўды. Гэтак жа расліны паварочваюцца да сонечнага святла і дзякуючы гэтаму растуць, развіваюцца і даюць плады. Без святла нават найлепшы догляд не прынясе выніку. Таму збаўленне даступнае для кожнага, хто захоча яго прыняць. І наадварот, чалавек пазбаўляе сябе збаўлення, калі хоча жыць, не маючы сувязі з Крыніцай жыцця. Дзякуй Богу за Яго доўгацярплівасць да нас, бо нам патрэбна так шмат часу для таго, каб гэта зразумець.


Айцец Павел Мажэйка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней