ІV Нядзеля Вялікага посту, Год С (27.03.2022)
Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра неабходную ўмову навяртання — жаль за ўчыненыя грахі.
Езус сказаў: «У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. І ён устаў, і пайшоў да свайго бацькі.
А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”. Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.
А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое. Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».
(Лк 15, 11–32)
Жаль і навяртанне
Кожны практыкуючы католік ведае, што для сакрамэнтальнага паяднання з Богам трэба выканаць шэраг умоваў. Адна з іх — шчыры жаль за грахі — настолькі важная, што ў небяспецы смерці можа быць дастатковаю, каб душа пазбегнула пекла. Аднак гэта не дае падставаў адкладаць да апошняга сакрамэнт споведзі, бо ніхто не дасць гарантыі, што ў нас будзе час на ўзбуджэнне жалю, хаця б недасканалага. Напрыклад, такога, які спачатку меў малодшы сын з вядомай прыпавесці пра міласэрнага айца: «Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду». Чалавек разумее, што па сваёй віне страціў сродкі, неабходныя для жыцця, і што толькі вяртанне да бацькі можа яго ўратаваць.
Аднак услед за гэтым павінна прыйсці ўсведамленне, што грэшным жыццём і марнаваннем спадчыны мы наносім крыўду не толькі сабе, але і таму, ад каго атрымалі гэтую спадчыну. Гэта вызваляе нас ад эгаістычнай ацэнкі рэальнасці з пункту гледжання ўласнай матэрыяльнай (часцей за ўсё) выгады і адкрывае сэрца на бліжніх і на Бога, які з’яўляецца канчатковаю крыніцаю ўсіх дабротаў — і духоўных, і матэрыяльных, — ад Яго залежыць усё нашае жыццё: да фізічнай смерці і пасля яе. Чалавеку дадзена ўплываць на сваё жыццё, і ад яго самога залежыць у першую чаргу, ці добра ён скарыстаецца спадчынаю, якая належыць нашчадку Божага Валадарства, ці не змарнуе яе, прамяняўшы на «стручкі, што елі свінні», — бо і гэтых «стручкоў» ён у любым выпадку будзе пазбаўлены. Калі браць пад увагу чалавечую недасканаласць, то Божая любоў і мудрасць даюць шанец кожнаму атрымаць прабачэнне хоць бы праз усведамленне ўласнай віны ў страце пэўных дабротаў. Але ўсведамленне крыўды, якую праз грэх мы наносім іншым людзям і ў першую чаргу Таму, чые дары мы так няўдзячна не цэнім і адкідаем, адкрывае сэрцы для дасканалага жалю, які ў сваю чаргу дазваляе прыняць усю паўнату Божай міласэрнасці.
Варта таксама памятаць, што вельмі небяспечная і пазіцыя старэйшага брата, які «ніколі не парушыў загаду» Айца, але крыўдуе на Яго з-за ўласнай няздольнасці больш поўна і плённа карыстацца спадчынаю і з-за няўмення парадавацца навяртанню брата. Ён бачыць прычыну сваёй незадаволенасці ў іншых, у самім бацьку, але не ў сабе, не ў сваёй недасканаласці і эгаізме. А значыць, «непарушнасць загадаў», якую ён захоўвае, вынікае не з любові і ўдзячнасці, а з прычыны страху і перакананасці ва ўласнай бездакорнасці. Дык ці зможа чалавек, не пазбыўшыся такога стаўлення, быць шчаслівым у Нябесным Валадарстве, гледзячы на радасць, якая пануе там з прычыны навяртання грэшнікаў, і на саміх гэтых грэшнікаў, якія праз шчыры жаль і пакаянныя ўчынкі атрымалі прабачэнне Айца?
Айцец Міхал Ермашкевіч OP