
У дзень пасхальнай урачыстасці разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы на прыкладзе евангельскіх падзеяў разважаем пра тое, як варта перажываць Хрыстовае ўваскрасенне.
Велікодная нядзеля, Год С (17.04.2022)
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
(Ян 20, 1–9)
Перажыць уваскрасенне
Як зразумець уваскрасенне Хрыста? Гэта тое, пра што чулі найбліжэйшыя вучні, Апосталы, але да чаго яны зусім не былі гатовыя. З цудаў, якія чыніў Езус, можна было дзівіцца. Уваскрасенне — гэта цуд цудаў, які пераўзыходзіць любыя чалавечыя ўяўленні. Больш за тое, калі мы ўсвядомім, што і самі прымаем удзел у гэтай падзеі, гэта захапляе дух.
Аднак варта не затрымлівацца на адным толькі захапленні, а старацца зразумець, заглыбіцца ў гэтую таямніцу, якая ўжо ажыццявілася. У гэтым нам дапамагае нядзельнае Божае слова, скіроўваючы нас у добрым напрамку.
Марыя Магдалена, прыйшоўшы да магілы вельмі рана, застала Хрыстовую магілу пустою. Яна апынулася ў сітуацыі, якая выходзіла па-за межы яе разумення, але не засталася з гэтым сам-насам. Убачанае не паралізавала яе, яна не стаяла ў разгубленасці, разважаючы, што здарылася, а наадварот, «пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Яна пайшла ў супольнасць, да іншых людзей, каб падзяліцца тым, што адкрыла, каб разам разабрацца ў незразумелай сітуацыі. Святы Пётр і другі вучань, пачуўшы навіну, вырушваюць у дарогу, яны хочуць самі пераканацца ў пачутым. Цікава, як адбываецца гэты пераход ад супольнасці да асабістага пошуку. Часцей мы дзейнічаем наадварот. Спачатку стараемся разабрацца самі, а пасля, калі нешта не разумеем, звяртаемся па тлумачэнні да іншых. Аднак менавіта супольнасць стымулюе, заахвочвае нас да індывідуальных пошукаў.
Каля пустой магілы не заканчваецца высвятленне таго, што здарылася. Хоць Пётр і другі вучань пераканаліся ў тым, што пачутае ад Марыі Магдалены — гэта праўда, яны не змаглі да канца зразумець убачанае: «Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых». Тут пачынае дзейнічаць Божы дар, ласка. Гэта здольнасць інтэрпрэтаваць рэчаіснасць у святле Божага аб’яўлення. Без яго веданне Святога Пісання застаецца толькі тэорыяй, якая ніяк не стасуецца з нашым жыццём. Мы можам добра ведаць Божае слова, але не перажываць яго. І хоць гэты момант — найбольш істотны ў пошуках Божай праўды, два папярэднія — супольнае і асабістае шуканне — таксама нам патрэбныя. А ўсё гэта разам вядзе нас да моманту сустрэчы з Хрыстом, які ўваскрос, пакінуў магілу і ўвесь час знаходзіцца ў руху. Ён і нас вырывае са сну і бяздзеяння ў веры, каб мы разам шукалі Яго, нашага Бога і Збаўцу.
Айцец Павел Мажэйка ОР