ІІ Велікодная нядзеля, Год С (24.04.2022)
Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра асалоду жыцця, якую дае нам спакой Хрыста Збаўцы.
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».
Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».
Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»
Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус — гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
(Ян 20, 19–31)
«Спакой вам!»
«Спакой вам!» — гэтымі словамі Збаўца вітае вучняў у дзень свайго ўваскрасення, пасылаючы іх несці плён дасягнутай перамогі над грахом і смерцю ўсім людзям, а на восьмы дзень тымі ж словамі ўмацоўвае веру Тамаша і іншых, каму яе не стае… Аб спакоі моліцца таксама святар падчас літургіі перад святой Камуніяй, жадаючы, каб сакрамэнтальна з’яднаныя з Богам вернікі неслі ў свет Яго спакой і радасць перамогі над сіламі цемры, трывогі і страху.
Толькі як жа часта гэтае пажаданне застаецца толькі пажаданнем, і ў сэрцах працягвае панаваць неспакой, асноўная прычына якога не толькі няздзейсненыя спадзяванні або прывязанасць да пэўных намераў, але і непрабачаныя грахі, слабая вера. Чым больш мы аддаляемся ад веры, тым больш патанаем у граху, а чым большы грэх, тым большы наш недавер да Бога, тым мацнейшае перакананне, што і без Яго можна быць шчаслівым. Інтуіцыя, выказаная святым Аўгустынам у вядомых словах: «Стварыў Ты нас, Божа, для сябе, і неспакойнае сэрца наша, пакуль не спачне ў Табе», — жыве ў душы самага вялікага грэшніка і падказвае яму, што чалавек прадвызначаны для велічы і бясконцага шчасця. Аднак адсутнасць Божага святла не дазваляе распазнаць правільныя шляхі да гэтай мэты, і цёмная душа выбірае дрэнныя сродкі ў імкненні да яе, учыняючы тым самым вялікія глупствы — грахі. Але пакуль душа злучаная з целам, нават закаранелы грэшнік мае шанец трапіць у рай, абяцаны на крыжы злачынцу. Той у шчырым пакаянні прыняў заслужаную кару і паверыў, што Той, хто канае побач з ім — Нябесны Валадар…
Але часта нават вернікі, якія, здавалася б, свядома і дабравольна не парушаюць Божых запаведзяў, жывуць у неспакоі і трывозе: за сваіх блізкіх, за будучыню, за здароўе і г.д. Можна сказаць, што і тут прычына — у недахопе веры ў тое, што ўсё ў руках Бога, які не дапускае выпрабаванняў большых, чым чалавек можа вынесці. Нам цяжка паверыць, што гэтыя выпрабаванні неабходныя, каб цалкам ачысціцца, пазбавіцца нават самых дробных грахоў і недасканаласцяў. Калі робіцца ўсё магчымае, каб ажыццявіць добрыя намеры, выканаць свае абавязкі адносна бліжніх і сябе самога, свайго здароўя, але нешта не атрымліваецца так, як хочацца, трэба верыць, што такая воля Бога і Ён лепш за нас ведае, што служыць нашаму дабру і збаўленню. Сам Пан Езус падае нам прыклад у Аліўным садзе: «…Не Мая воля, а Твая няхай станецца…», а Яго трывога і смутак, пакуты і смерць толькі даказваюць, што Ён нас разумее, бо сам усё перажыў, выцерпеў і канчаткова перамог, даючы тым, хто Яму верыць, надзею і спакой…
У нас няма падставаў не давяраць Божым абяцанням. Большасць нашых ведаў, пачынаючы з даты ўласнага нараджэння і заканчваючы тэорыямі аб паходжанні чалавека і сусвету, грунтуецца на веры, што нам кажуць праўду іншыя людзі, абмежаваныя і недасканалыя. Але ці могуць іх аўтарытэт і зменлівыя навуковыя гіпотэзы быць больш верагоднымі, чым Аб’яўленне Стварыцеля ўсяго існага — «Таго, які ёсць» і з’яўляецца нязменнаю Праўдаю?
Сапраўды, шчаслівыя тыя, хто не бачыў, але паверыў — паверыў менавіта Божаму слову і тым, хто дакладна яго перадае, а не тым, хто сам сябе лічыць крыніцаю праўды і дабрадзеем свету ды ўсімі спосабамі імкнецца ў гэтым пераканаць людзей.
Сакрамэнт пакаяння і паяднання, устаноўлены Пераможцам граху і смерці ў першы дзень уваскрасення — гэта вялікі скарб для ўсіх нас! Вельмі шкада, што многія вернікі яго недаацэньваюць або не вераць у плён ласкі. Аднак дзейнасць сакрамэнту залежыць не толькі ад паўнамоцтваў спаведніка, дадзеных яму Касцёлам з Божай волі, але і ад таго, наколькі абцяжараная грахом душа хоча вызваліцца ад свайго ярма і верыць, што гэтае вызваленне неабходна, магчыма і даступна кожнаму. Толькі нельга легкадумна выпрабоўваць Божую міласэрнасць, не спрабуючы парваць з грахом у спадзяванні паспець пакаяцца ў апошні момант. Такая пазіцыя не дазваляе прыняць Духа Святога і перашкаджае дзеянню Яго жыватворнай ласкі, што нясе сапраўдны спакой, а не эйфарыю, у якой многія імкнуцца знайсці вызваленне ад негатыву і стрэсу.
Хрыстус паўстаў з мёртвых, каб дзякуючы спакою, што вынікае з Яго перамогі, праз сакрамэнтальную ласку нашыя душы ачышчаліся і ўмацоўваліся ў спадзяванні на будучае ўваскрашэнне перамененых і непадуладных цярпенню і тлену целаў. І ўжо цяпер кожны можа і павінен клапаціцца аб спакоі ў сваім сэрцы, сям’і, супольнасці і маліцца за тых, хто ўсё яшчэ лічыць жыццё без грахоў і канфліктаў нецікавым, каб і яны спазналі асалоду спакою, які нясе ўваскрослы Збаўца.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP