
Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, што насамрэч вызначае сапраўдных хрысціянаў.
V Велікодная нядзеля, год С (15.05.2022)
Калі ж выйшаў, Езус сказаў: «Цяпер уславіўся Сын Чалавечы, а Бог уславіўся ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі.
Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
(Ян 13, 31–33а. 34–35)
«Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні…»
Праграмістаў лёгка распазнаць па іх мове. Яны карыстаюцца тэрмінамі, якія не зразумее чалавек, неабазнаны ў праграмаванні. Культурнага чалавека можна пазнаць па абыходжанні з іншымі людзьмі. Ён ветлівы, уважлівы, з ім прыемна размаўляць і быць побач. Розныя групы людзей вылучаюцца нейкімі адметнымі рысамі. Пан Езус звяртае нашую ўвагу на адметную рысу, якая будзе вылучаць Яго вучняў: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
Здаецца, што можа быць прасцей. Каб любіць, не трэба атрымліваць нейкую асаблівую кваліфікацыю. А калі шчыра задумацца над гэтымі словамі? Ці атрымліваецца ў нас ажыццяўляць іх? Можа аказацца, што мы, хрысціяне, ні ў чым не адрозніваемся ад іншых людзей. Што ўжо казаць аб запаведзі любові да ворагаў, да тых, хто нас пераследуе і праклінае (гл. Мц 5, 43–48), калі нам так цяжка выконваць запаведзь любові да нашых братоў і сясцёр у Хрысце? Сапраўды, гэта было б увогуле немагчыма выканаць, калі б Той, хто нам пакінуў гэтыя словы, сам не выканаў таго, да чаго яны заклікаюць. Ён жа праз сваю духоўную прысутнасць і апеку гарантуе прабыванне ў любові тым, хто шчыра гэтага прагне.
Важна, што Пан Езус гаворыць пра ўзаемную любоў паміж вучнямі як пра аснову супольнасці хрысціянаў у кантэксце здрады аднаго з Дванаццаці. У Святым Пісанні няма спробаў прааналізаваць прычыну Юдавай здрады альбо падрабязнага асуджэння яго дзеянняў. Гэтаму трагічнаму моманту прысвечана толькі некалькі радкоў. Бо Евангелле не пра нянавісць і асуджэнне, яно аб прабачэнні і збаўленні. Варта задаць сабе пытанне: чаму ў нашым жыцці аналіз учыненых нам крыўдаў займае так шмат месца і часу? А яшчэ лепш імкнуцца, каб гэтая хрысціянская рыса, падмацаваная аўтарытэтам Збаўцы, — узаемная любоў — больш выразна праяўлялася ў жыцці кожнага з нас. Бо гэта тое, па чым нас пазнаюць іншыя. Не крыжык, не дэклараванне таго, што мы ахрышчаныя, а толькі любоў, крыніцай якой з’яўляецца ахвярная любоў Хрыста.
Айцец Павел Мажэйка ОР