Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра тое, што такое сапраўдная канкурэнцыя і сапраўднае спаборніцтва.
VІ Велікодная нядзеля, год С (22.05.2022)
Езус сказаў яму ў адказ: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, а Айца, які паслаў Мяне.
Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам. Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне. І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта станецца.
(Ян 14, 23–29)
«Айцец Мой большы за Мяне…»
Пачынаючы з прабацькоў, якія паддаліся спакусе «ведаць дабро і зло», як багі, і пераступілі праз Божую забарону, людзі на працягу ўсёй сваёй гісторыі імкнуцца здабыць якасці, уласцівыя Богу (паўнату існавання, пазнанне, любоў, прыгажосць і г.д.), коштам парушэння правілаў і нормаў, устаноўленых Ім самім. Але ўсе намаганні ўзняцца на ўзровень самога Створцы без Яго ўдзелу толькі аддаляюць ад Крыніцы жыцця і шчасця, знішчаюць вобраз Нябеснага Айца ў чалавеку, якому з маленства ўбіваюць у галаву, што трэба быць лепшым за іншых у розных конкурсах і спаборніцтвах, што заўсёды трэба імкнуцца ўсіх перамагаць… Усіх, толькі не ўласную пыху, ахвяраю якой становяцца многія пераможцы. А тыя, каму «не пашчасціла» заняць першае месца, або расчароўваюцца і нават упадаюць у роспач, або мабілізуюцца, прыкладаюць усе намаганні, выкарыстоўваюць усе дазволеныя і недазволеныя спосабы, каб «уцерці нос» сваім супраціўнікам, або паддаюцца зайздрасці і пачынаюць ім помсціць…
Распаўсюджана перакананне, што спаборніцтва і канкурэнцыя — адзіны магчымы спосаб развіць свае таленты, падняць уласны ўзровень, заняць годнае месца ў жыцці. Аднак такія стымулы не захоўваюць чалавека ад няўдач, не паказваюць шляхоў, як іх годна пераадольваць, а галоўнае — аддаляюць ад праўды, што, як бы чалавек ні стараўся, ён не стане роўным Богу. «Айцец Мой большы за мяне» — вучыць адзінасутны Айцу сапраўдны Бог, які стаў і сапраўдным дасканалым Чалавекам, даўшы нам прыклад пакоры і праз прыняцце нашай, ніжэйшай за Боскую, натуры, і праз «няўдалае» па нашых мерках жыццё, якое скончылася пакутлівай і ганебнай смерцю… Усё дзеля таго, каб мы ведалі, што не поспех у свеце, не параўнанне сябе з іншымі людзьмі і не перамога над імі ў спаборніцтвах і змаганнях прынясуць сэрцу супакой і шчасце, а пастаянны самакантроль: наколькі ўсё тое, што мы робім, адпавядае Божым запаведзям і служыць не самаўсхваленню, а праслаўленню Таго, ад каго мы атрымалі і здольнасці, і таленты, і спрыяльныя ўмовы для іх развіцця. Вялікі скарб — прызнаваць сваю залежнасць ад Бога, ведаць, што ёсць Той, хто большы за нас, на каго мы можам спадзявацца, хто дапаможа ў цяжкую хвіліну, падтрымае сваім Духам і навучыць, што адзіным па-сапраўднаму карысным спаборніцтвам з’яўляецца спаборніцтва з самім сабой, імкненне быць лепшым за сябе самога.
А з іншымі спаборнічаць можна толькі ва ўзаемнай і Божай любові, якая па сваёй натуры выключае ганарыстасць, шуканне ўласнай карысці, зайздрасць, якая напаўняе радасцю за поспехі бліжніх, паказваючы, што ў іх праяўляецца дабрыня Нябеснага Айца. І чым больш мы ўсведамляем, што толькі ад яе паходзіць усё дабро, якое ёсць у нас, тым большы наш удзел у вечнай спадчыне, да якой вядзе нас уваскрослы Збаўца. Усе, хто шчыра Яго любіць, там змогуць далучыцца да Божага жыцця.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP