Разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра таямніцу і прыгажосць Святой Тройцы.
Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год С (12.06.2022)
Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам. Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.
(Ян 16, 12–15)
Хвіліна сузірання
Узброеныя магутнымі тэлескопамі, мы даследуем далёкія планеты, хочам пазнаць іх таямніцы, іх пагрозы і іх прыгажосць. Мы спрабуем прачытаць кнігу прыроды, цалкам зразумець яе мову, каб вызваліцца ад страху перад невядомым. Мы глядзім не толькі высока ў нябёсы, але і ў самыя глыбіні, сягаючы да самых дробных дэталяў мікрасвету. Амаль заўсёды аказваецца, што рэч, да якой мы дакранаемся і якую, здавалася б, ведаем, хавае ў сабе нешта большае — новую таямніцу. У пэўным сэнсе мы заўсёды застаемся недасведчанымі, бо не разумеем многія з’явы свету і не здольныя панаваць над імі. А наймудрэйшаю аказваецца прырода з упісаным у саму яе сутнасць кодам. Колькі ж патрэбна пакоры, каб пачаць разумець яго, каб пабачыць святую прысутнасць Таго, хто прамовіў Слова стварэння і дае пазнаваць сябе самога праз свае справы.
У гэтай магчымасці, у гэтым шляху пазнання Бога ёсць нешта неверагодна цудоўнае. З аднаго боку — сляды Яго прысутнасці, дэдукцыя, якая вядзе да невядомага, а з другога — поўная цемра і невядомасць, пакуль Ён сам не захоча прамаўляць, пакуль Ён не адкрые доступ да сябе. А гэта і ёсць ласка.
Бог, у якога мы верым — гэта Тройца, то бок супольнасць Любові. Ён дае пазнаць сябе чалавеку праз веру і сум, заключаны ў надзеі. Ён адкрывае доступ да сябе тады, калі мы любім. Мы не маем іншых прыладаў пазнання Яго Боскага жыцця, апроч гэтых трох: веры, надзеі і любові. Яны вядуць нас да сустрэчы з Божымі Асобамі, а не з ідэямі.
Калі мы спрабуем гаварыць пра Бога, адзінага ў трох Асобах, то мусім вызнаць веру ў тое, што ў Ім самім, у самой Яго сутнасці пануе Любоў. Няспынны рух аддавання і прымання сябе ўзаемна, якому няма канца. А паколькі Бог такі ў сваёй натуры, то гэта значыць, што чалавек, адпаведна з абяцаннем: «Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе», — можа ўжо сёння жыць паводле гэтага ўзору, дадзенага Богам. Любіць свет і людзей Божаю любоўю бясконцага дару — значыць увайсці ў Божую радасць. Найпаўней Божая любоў аб’яўляецца ў Сыну, у Яго ахвяры за сяброў і ворагаў. Нядзеля Святой Тройцы — гэта, перадусім, хвіліна сузірання прыгажосці Бога. А паколькі прыгажосць Бога належыць таксама і чалавеку, створанаму паводле Яго падабенства і здольнаму да прыгажосці, то чалавек найбольш становіцца падобным да Бога тады, калі любіць, калі аддае сябе іншаму ў любові.
Айцец Томаш Заморскі ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.