
Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра пазнанне — сябе і іншага чалавека.
XII Звычайная нядзеля, Год С (19.06.2022)
Калі Езус маліўся ў самоце, былі разам з Ім вучні. Ён спытаўся ў іх: «Кім лічаць Мяне людзі?» Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя – Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос». Тады Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр, адказваючы, сказаў: «Месіяй Божым». Але Ён, забараніўшы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
А ўсім сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго».
(Лк 9, 18–24)
Пазнанне
Што мы робім, калі хочам нешта даведацца пра іншага чалавека? Шукаем пра яго інфармацыю ў інтэрнеце, у сацыяльных сетках, пытаемся ў іншых людзей. Такія звесткі рэдка бываюць дакладнымі. Мала хто наўпрост звернецца да іншага са шчырым пытаннем: «Які ты? Раскажы пра сябе!» І нават у гэты момант той, да каго было скіраванае пытанне, можа задумацца, цягнучы з адказам. Бо нялёгка пазнаць самога сябе. Яшчэ цяжэй адкрыць сутнасць іншага чалавека. Думаю, пра гэта шмат маглі б распавесці тыя, хто ўжо многа гадоў жыве ў шлюбе. Здаецца, гэтыя людзі знаходзяцца побач адно з адным большую частку свайго жыцця, а ўсё роўна не змогуць сказаць: «Так, я добра ведаю гэтага чалавека». Кожны з нас — нібы студня. Заглядаючы у яе, мы бачым уласнае адлюстраванне і толькі пры адпаведных умовах можам разгледзець, што знаходзіцца на дне. Але ці азначае гэта, што трэба адмовіцца ад высілкаў пазнаваць іншую асобу?
Той, хто выкапаў студню, можа дакладна яе апісаць, і Той, хто стварыў чалавека, ведае нас найлепей. Езус, звяртаючыся да вучняў з пытаннем: «Кім лічаць Мяне людзі?» (Лк 9, 18), вучыць Апосталаў быць уважлівым да меркаванняў іншых. А наступным пытаннем: «А вы кім лічыце Мяне?» (Лк 9, 20), — Ён заахвочвае слухаць сваё сэрца. На два гэтыя пытанні чалавек павінен адказваць па чарзе. На першае — каб зразумець іншых, на другое — каб зразумець сябе. І дапамагае нам адказаць на гэтыя пытанні Бог, асвячаючы нас сваёй ласкай. Бо праз адкрыццё таго, кім ёсць Хрыстус, мы можам пазнаць уласную ідэнтычнасць — тое, хто мы паводле Божай задумы. Таму ніколі не будзе змарнаваны час, прысвечаны Эўхарыстыі, адарацыі, малітве, разважанню над Божым словам. Гэта дапамагае нам лепей разумець Бога, сябе і іншых. Менавіта разумець, а не ствараць фальшывыя вобразы. Хто ж, як не Той, хто ведае нас лепей за нас саміх, можа дапамагчы нам адкрыць праўду пра сябе?
Айцец Павел Мажэйка ОР