Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра супрацоўніцтва свецкіх і духоўных асобаў у Касцёле і адрозненне іх пакліканняў.
XIIІ Звычайная нядзеля, Год С (26.06.2022)
Калі надышлі дні Яго ўзнясення, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем. Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: «Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?» Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску.
Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву». Тады сказаў другому: «Ідзі за Мною». Але той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго». А Ён сказаў яму: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае». Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі». А Езус сказаў яму: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».
(Лк 9, 51–62)
«Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых…»
«Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае». Вядома, што памерлыя ў літаральным сэнсе не могуць нікога хаваць, таму гэтую фразу трэба разумець не інакш, як метафару: яна абазначае тых, хто не пакліканы да жыцця паводле евангельскіх парадаў або прапаведавання Божага слова, а ўвесь урывак трэба разумець як зварот толькі да тых хрысціянаў, каго Пан Езус кліча да асаблівага служэння, нагадваючы, што справамі гэтага свету павінны займацца адпаведна падрыхтаваныя і кампетэнтныя свецкія асобы, а не святары і манахі, якія ў сваю чаргу пакліканы набліжаць да Боскай рэчаіснасці тых, хто жыве ў свеце.
На жаль, сёння ўсё паблыталася. Многія прадстаўнікі духавенства з галавою акунаюцца ў справы, не звязаныя з іх пакліканнем: адказваюць за фінансы, за будоўлю, за дзейнасць дабрачынных арганізацый і г.д., а на якаснае душпастырскае служэнне ўжо не маюць ні часу, ні сілаў, а некаторыя нават і жадання. Затое сярод свецкіх нямала тых, хто ахвотна бярэцца выконваць функцыі, характэрныя для духоўнага стану, і, не маючы дастатковай тэалагічнай падрыхтоўкі, распаўсюджвае сваё суб’ектыўнае бачанне Касцёла і яго ролі ў грамадстве.
Самае небяспечнае тое, што многія святары пагаджаюцца з такім станам рэчаў і нават сур’ёзна лічаць, што найлепшы адказ на патрабаванні часу — максімальная лаіцызацыя і секулярызацыя ўсяго, што звязана з літургіяй і сакрамэнтамі, разрыў з каталіцкай Традыцыяй і адмаўленне ад сакральнасці… Напрыклад, яшчэ зусім нядаўна шмат намаганняў рабілася для таго, каб прызначаным для рэлігійнага культу свецкім пабудовам надаць сакральны выгляд, а сёння мэтанакіравана ўзводзяцца касцёльныя будынкі, якія з выгляду нічым не адрозніваюцца ад тыповых свецкіх збудаванняў… Казанні некаторых прапаведнікаў перапоўнены іх асабістымі, у тым ліку і палітычнымі поглядамі і пазбаўлены здаровага каталіцкага вучэння. Трагічна, што некаторыя, паклаўшы руку сваю на плуг — гэта значыць, узяўшыся за працу на Божай раллі, часта азіраюцца назад, на свет, з якога былі ўзяты, каб весці тых, хто там застаецца, наперад — да Бога, і адварочваюцца ад Боскай мэты, пачынаюць «сузіраць» чалавека і яго зямныя жаданні… Натуральна, што такія працаўнікі не толькі не могуць ажывіць жыццядайнай Божай ласкай «памерлых», але і самі рызыкуюць памерці духоўна…
Лаіцызацыя некалі хрысціянскіх краінаў, укараненне ў свядомасці ахрышчаных людзей нехрысціянскіх поглядаў, адмаўленне ад хрысціянскіх вечных каштоўнасцяў дзеля «права» на грэшнае жыццё і яго прапаганду — вось толькі некаторыя наступствы памылковага прачытання знакаў часу. На самой жа справе трэба не хрысціянства дастасоўваць да зменлівых сучасных тэндэнцый, а, пазнаючы іх небяспеку, вучыцца плённа супрацьпастаўляць негатыўным актуальным уплывам вечную Божую навуку.
І трэба шмат маліцца за ўсіх пакліканых абвяшчаць Божае Валадарства, каб яны не паддаваліся падманлівым меркаванням, што паніжэнне ўзроўню духоўнасці здольнае наблізіць сучаснага чалавека да Бога, каб яны пастаянна паглыблялі свае рэлігійныя веды, умацоўваючы сувязь са Стварыцелем, і неслі плён сузірання нябесных справаў людзям, якія жывуць у свеце.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP