Разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра тое, што значыць сапраўдная любоў да Бога і чалавека.

XV Звычайная нядзеля, Год С (10.07.2022)

Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе». Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць». Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»

На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».

(Лк 10, 25–37)

Сакрэт дарогі

Для многіх людзей Божая любоў становіцца спосабам уцячы ад сябе або ад іншага чалавека. Паглыбленне ў рэлігію задавольвае патрэбу надаць сэнс і важнасць уласнаму жыццю. Людзі гэта робяць, усё больш удзельнічаючы ў рэлігійных практыках і аддаючыся малітве, але пры гэтым часта застаюцца звыкла пасіўнымі ў адносінах з іншымі людзьмі або праяўляюць «самаадрачэнне».

Але ж ці гэтага хоча Бог, ці так павінна выглядаць жыццё вучня Езуса?

Па-першае, самая галоўная запаведзь такая: любіць Бога ўсім сэрцам і ўсёй душой, а бліжняга — як сябе самога. Гэтыя наказы з’яўляюцца адзін для аднаго ўмовамі іх існавання і спаўнення. Калі ты любіш Бога, але ненавідзіш чалавека, ён становіцца табе чужым, табе ўсё роўна, гэта азначае, што ты насамрэч не любіш. Аднак Бог быў і застаецца Айцом для ўсіх, Ён верны нават у адносінах да тых, хто ад Яго аддаліўся і не слухае Яго слова. Парадокс запаведзі любові заключаецца ў тым, што для нас дарогаю да Бога з’яўляецца іншы чалавек. Калі ты любіш, спрабуеш любіць, то пачынаеш бачыць, адчуваць, думаць так, як Бог. Ты становішся тым, хто ацаляе — у тым ліку і сябе самога, і сваё ўласнае жыццё. Першы жэст гэтай любові — прымаць іншага і сябе з усім ягоным і сваім досведам.

Па-другое, мераю гэтай любові з’яўляецца Езус. Ён і сам пра гэта сказаў: «Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15, 12). Вучань мусіць толькі чыніць так, як Езус у розных жыццёвых абставінах. Не трэба пытацца, хто твой бліжні, трэба шукаць чалавека і рабіць яго сваім бліжнім, аддаючы яму сябе і сваю любоў. У гэтай перспектыве чужы чалавек, чалавек у патрэбе становіцца нашым братам. Вучань Езуса не жыве выдуманаю ўзнёслаю духоўнасцю, а рэалізуе «сакрамэнт брата» (Ян Хрызастом). Яму бліжэй да самараніна (бязбожнага, па меркаванні юдэяў), які «ўбачыў», «злітаваўся», «падышоў», а не абмінуў пабітага і пакінутага пры дарозе чалавека, як гэта зрабілі «пабожныя» левіт і святар, дбаючы пра рытуальную чысціню! А самаранін «перавязаў раны», «паліў алеем і віном», «пасадзіў на асла», «прывёз», «паклапаціўся», «даў два дынары». Мера любові — гэта наш удзел і прысутнасць, здольнасць дарыць сябе і тое, што мы маем.

Езус ставіць нас на шляху іншага чалавека і просіць, каб мы прынялі яго з ацаляючай любоўю.


Айцец Томаш Заморскі ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней