«Тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго…»

Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра вялікае значэнне малітвы-просьбы ў нашым жыцці.

XVII Звычайная нядзеля, Год С (24.07.2022)

Калі Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў». Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце: “Ойча, няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Валадарства Тваё. Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень, і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму, і не ўводзь нас у спакусу”».

І сказаў ім: «Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Дружа, пазыч мне тры хлябы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, і я не маю чаго даць яму”. А той знутры скажа яму ў адказ: “Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае ў ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе”. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму праз тое, што той сябра ягоны, то праз настойлівасць ягоную ўстане і дасць яму, колькі патрабуе».

І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена. Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго».

(Лк 11, 1–13)

«Тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго…»

Нельга згадзіцца з меркаваннем, што малітва-просьба непатрэбная, бо, маўляў, Бог і без нашых прашэнняў ведае, што нам даць. Сам Божы Сын заахвочвае да малітвы-просьбы, прычым падкрэслівае важную ролю настойлівасці. Менавіта праз настойлівасць мы лепш усведамляем, наколькі важнае для нас тое, пра што мы просім. Сапраўды, калі рэчы не дастаюцца лёгка, ніхто не будзе іх настойліва дамагацца без моцнага жадання і без неабходнасці. Аднак чалавек гатовы пераадолець любыя перашкоды, каб дасягуць таго, у рэальнай патрэбе чаго не сумняваецца. Такім чынам, настойлівая малітва-просьба вучыць нас расстаўляць прыярытэты на цяпер і на будучыню.

У выніку такой малітвы да чалавека павінна прыйсці разуменне, што канчатковай мэтай яе можа быць толькі сам Бог, бо калі маеш Яго — маеш і ўсё іншае і лягчэй адрозніваеш тое, што неабходна, ад таго, што дазволенае, але не абавязковае або наўпрост шкоднае і ад чаго варта без жалю адмовіцца на карысць Крыніцы ўсіх дабротаў.

Часам малітву-просьбу «абвінавачваюць» у меркантыльнасці. На жаль, падставаю для такога меркавання з’яўляецца практыка многіх ахрышчаных людзей, якія ўспрымаюць Бога як нейкую залатую рыбку, што павінна выконваць усе іх жаданні: іх вера не вытрымлівае выпрабавання, калі іх просьбы не выконваюцца імгненна. Сапраўды, часта бывае, што, нягледзячы на настойлівасць і працягласць, малітва не прыносіць бачных вынікаў. Але чаму? Хтосьці просіць аб фізічным здароўі — рэч патрэбная і добрая — але забываецца аб здароўі душы. Але ж здаровае цела пры хворай душы больш падатлівае на злоўжыванне здароўем (у розных праявах), а хворы фізічна чалавек з душой, асвечанай ласкай, разумее сэнс цярпенняў, выкарыстоўвае іх у збаўчых мэтах і нават лягчэй пераносіць.

Хтосьці просіць аб паспяховым вырашэнні пэўнай прыемнай Богу справы, але на першае месца ставіць матэрыяльны, зямны яе аспект. І Бог чакае ад чалавека разумення, што кожная справа, якая робіцца нібы дзеля Бога, але без Яго як галоўнай мэты, не дасягне сваёй мэты, не будзе мець добрых вынікаў у вечнасці.

Хтосьці моліцца аб здзяйсненні сваіх мараў, але не ўсведамляе ўсіх наступстваў таго, чаго жадае, і Бог ахоўвае яго ад шкодных вынікаў, якіх чалавек пакуль што не бачыць…

Прасіць трэба, бо мы залежныя ад Бога і Яго дароў. Разумець гэта неабходна, каб мець сапраўдную пабожнасць і веру. Але малітва-просьба павінна дапаўняцца іншымі формамі: перапрашэннем, бо, прабываючы ў стане граху, нельга разлічваць на добры вынік іншых просьбаў, акрамя просьбы аб прабачэнні, узнесенай у шчырым жалю; падзякай — бо толькі ўдзячны чалавек можа адпаведна выкарыстоўваць Божыя дары і атрымліваць новыя; і, нарэшце — праслаўленнем, бо гэтая малітва набліжае нас да стану анёлаў і святых у небе, куды павінна быць скіравана ўсё нашае жыццё на зямлі.


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней