Разам з айцом дамініканінам Марцінам Бараньскім ОР мы разважаем пра давер да Хрыста і гатоўнасць супрацоўнічаць з Ім.

XIX Звычайная нядзеля, Год С (07.08.2022)

Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства. Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае. Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх, і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую і ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх за гэтым, то шчаслівыя яны. Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».

Тады сказаў Пётр: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама ўсім?» Пан сказаў: «Хто ж верны і разумны аканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго. Калі ж гэты слуга ў сэрцы сваім скажа: “Не хутка гаспадар мой прыйдзе”, і пачне біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца, то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. Адлучыць яго і вызначыць яму лёс з нявернымі. А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты. Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.

(Лк 12, 32–48)

Кола ў кола

Нядаўна я бачыў мем: малюнкі, на якіх былі намаляваны два роварныя колы. Адзін раварыст ехаў следам за іншым. На першым малюнку адлегласць паміж коламі была ў некалькі сантыметраў, а на другім — нашмат большая, каля паўметра. На першым малюнку было апісанне: еду з тым, каму давяраю, а на другім — едзем побач упершыню. Гэта правіла вядомае ўсім прафесійным раварыстам і амбітным аматарам. Калі мы часта ездзім разам, то ведаем адно аднаго і давяраем адно аднаму. У другім выпадку мы не можам цалкам давяраць адно аднаму і мусім нейкі час падстройвацца.

Гэты мем мне ўзгадаўся, калі я чытаў сённяшні евангелькі ўрывак. Езус выкарыстоўвае вобраз гаспадара і слугаў, якія падрыхтаваліся да вячэры. Гэта, відавочна, пэўны знак гатоўнасці і ўзаемнага даверу, які давер будуецца на штодзённым досведзе сустрэчаў, размоваў і быцця разам. «Падперазаныя сцёгны» — гэта апісанне таго, як вопратка закладваецца за пояс, каб не перашкаджаць хутка бегчы. «Паходня» — гэта здольнасць спадарожнічаць у любых умовах, нават уночы, «у другую і трэцюю варту». Гэта гадзіны далёка за поўнач, а хто з нас любіць у гэты час уставаць і некуды выпраўляцца? Я магу выканаць такія складаныя заданні толькі тады, калі ўжо натрэніраваны, калі разам з сябрам, сястрою, братам неаднойчы выпраўляўся куды-небудзь у такіх умовах. І тады мяне не здзівіць, што мой брат нечым мне паслужыць.

Дзе мы можам навучыцца такому даверу і служэнню, здольнасці ехаць блізка адно да аднаго, кола ў кола, без страху, што мяне пакінуць аднаго, адкінуць, што раптам той, хто спераду, пачне тармазіць і здарыцца аварыя? Дзе можна навучыцца гэтай бяспецы і адначасова адкрытасці да іншага чалавека? Я думаю, што такім месцам, хоць лепш было б сказаць, такім часам з’яўляецца Эўхарыстыя. Гэта вясельная гасціна, сустрэча з Жаніхом, які абмые мне ногі, паслужыць мне, накорміць, напоіць, навучыць прабачаць і слухаць. Ён запрашае нас прайсці праз Пасху, каб пасля ў штодзённасці жыць тою радасцю, тою гасцінаю, той весялосцю і даверам. Гэта асноўная і фундаментальная духоўнасць католіка — эўхарыстычная духоўнасць, здольнасць ехаць кола ў кола.


Айцец Марцін Бараньскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Юліі Косавай.

Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней