Што перашкаджае прайсці праз вузкую браму?

Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра заклік Езуса ісці праз вузкую браму, а таксама пра тое, што нам можа перашкаджаць у гэтым імкненні.

XXI Звычайная нядзеля, Год С (21.08.2022)

Я ведаю ўчынкі іхнія і задумы іхнія. І прыйду сабраць усе народы і мовы, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю. І ўстанаўлю сярод іх знак, і пашлю ацалелых з іх да народаў: у Тарс, Пул і Луд, у Мэсэх, Тубаль і Яван, на далёкія астравы, якія не чулі пра Мяне і не бачылі славы Маёй. Яны абвесцяць славу Маю між народамі. І прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў у прынашэнне Пану на конях, калясніцах і насілках, на мулах і вярблюдах у Ерузалем, на Маю святую гару, — кажа Пан, — як прыносяць сыны Ізраэля прынашэнне ў чыстым начынні ў дом Пана. І прызначу некаторых з іх святарамі і левітамі, — кажа Пан. 

(Іс 66, 18–21)

Вы забыліся пра заахвочванне, якое кажа вам, як сынам: Сыне мой, не пагарджай пакараннем Пана і не падай духам, калі Ён дакарае цябе. Бо каго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына. Будзьце цярплівыя да пакаранняў. Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Ці ж ёсць такі сын, якога б не караў бацька? Цяпер усялякая пакаранне здаецца не радасцю, а смуткам. Але пазней яно прынясе мірны плён справядлівасці тым, каго выхоўвала. Таму выпрастайце вашы апаўшыя рукі і аслаблыя калені. Рабіце простыя сцежкі нагамі вашымі, каб кульгавы не збочыў, але каб выздаравеў.

(Гбр 12, 5–7. 11–13)

Накіроўваючыся ў Ерузалем, Езус праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў. І нехта сказаў Яму: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» Ён жа сказаў ім: «Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць. Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы па-за домам, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: „Пане, адчыні нам”. Але Ён скажа ў адказ: „Не ведаю вас, адкуль вы”. І пачнеце казаць: „Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”. Але Ён скажа вам: „Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць”. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе — выкінутых вон. І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым. І вось будуць апошнія, якія стануць першымі, і будуць першыя, якія стануць апошнімі».

(Лк 13, 22–30)

Што перашкаджае прайсці праз вузкую браму?

Ніхто не любіць цеснаты. Нават калі мы дзесьці сядзім або стаім, то хочам, каб нам было свабодна і выгодна. А Пан Езус прапануе нам прайсці — больш за тое, праціснуцца — праз вузкую браму. Ён гаворыць, што будзе шмат ахвотнікаў, але ім гэта не ўдасца (пар. Лк 13, 24). Не вельмі гэта схіляе да прыняцця Яго вучэння. Іншы Евангеліст падае больш разгорнуты варыянт словаў Збаўцы, якія мы чуем у гэтую нядзелю: «Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць да згубы, і многія ўваходзяць праз яе! А вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе» (Мц 7, 13–14). Ужо становіцца больш зразумела, бо мы даведваемся, што вузкая брама сімвалізуе пэўны шлях, які вядзе да жыцця. Значыць, высілкі, прыкладзеныя да таго, каб яго прайсці, не будуць дарэмнымі.

Жыццё паводле Евангелля не можа быць заўсёды лёгкім і прыемным — за сапраўдныя вартасці варта пазмагацца. Што можа перашкодзіць прайсці праз вузкую браму Евангелля? Цяжка будзе таму, хто захоча пранесці праз яе штосьці сваё, дадаць ад сябе, замест таго, каб проста прыняць словы Хрыста. Як у аэрапортах ёсць спецыяльны праход, перад якім трэба пакінуць усё, што можа перашкаджаць, так і мы часам павінны пакінуць дзеля Езуса тое, што нам здаецца вартым.

Іншай перашкодай можа быць нашая «мажнасць» у духоўным сэнсе. Калі мы, упэўненыя ў сваёй вартасці і заслугах, захочам прайсці праз вузкую браму, хутчэй за ўсё, мы проста не змесцімся ў ёй. Духоўным «фітнесам» ёсць нястомнае практыкаванне пакоры.

Урэшце, той, хто знаходзіцца за брамай, проста можа не ведаць нас — і гэта галоўная перашкода, на якую звяртае ўвагу нядзельнае Божае слова. Думаю, некаторыя з нас аказваліся ў такой сітуацыі, калі мы заблудзіліся і прыйшлі не туды, куды трэба, і можам узгадаць здзіўленне і збянтэжанасць людзей, якіх незнарок патурбавалі.

Нам можа толькі здавацца, што мы ўзорныя хрысціяне. І тут варта задаць сабе пытанне: ці не канцэнтруемся мы ў сваім духоўным жыцці больш на пабожных дзеяннях, асцерагаючыся, каб не грашыць, ці ўсё ж засяроджваемся на пазнанні і любові Таго, хто нам аб’явіў шлях да Нябеснага Валадарства? Першая пазіцыя фарміруе нас як нявольнікаў, другая — як Божых дзяцей. Праз вузкую браму, аб якой кажа Езус, мы можам прайсці толькі асабіста. Не атрымаецца за кімсьці схавацца, прыкрываючыся яго добрымі альбо дрэннымі якасцямі. У рэшце рэшт, вузкая брама — гэта і ёсць крыж. Сапраўды, няшмат ёсць людзей, якія могуць і хочуць яго несці. Але ўсё становіцца магчымым, калі мы ідзем за Езусам — Ён прайшоў праз гэтую браму першы.


Айцец Павел Мажэйка ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней