Разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра Боскае айцоўства, якое можна напоўніць нас, дзяцей Пана Бога, сапраўдным багаццем і зрабіць нас цэласнымі асобамі.

XXIV Звычайная нядзеля, Год С (11.09.2022)

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы: «Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе шукаць згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”. Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.

Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”. Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца».

І сказаў: «У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. І ён устаў, і пайшоў да свайго бацькі.

А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”. Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.

А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое. Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».

(Лк 15, 1–32)

Тройчы «так»

Першае «так» — для Айца, гэта значыць, для Бога, добрага і мудрага. Ён падобны да зямнога бацькі з прыпавесці, які дазваляе малодшаму сыну выехаць у далёкія краіны. За гэтым «так», сказаным у адрас айцоўскай шчодрасці, стаіць перакананне, што Бог заўсёды верыць у чалавека. Лепш за ўсё гэта заўважна, калі марнатраўны сын, страціўшы ўсю маёмасць, вяртаецца дадому. Ён не толькі атрымлівае шанец загладзіць сваю віну, але ў прамым сэнсе слова атрымлівае ўсё: бацькоўскую пяшчоту, магчымасць вымыцца, новае адзенне, пярсцёнак нашчадка, дом і радасную гасціну. Для яго гэта досвед абсалютна незаслужанай любові, якая дастаецца яму задарма. Гэтая любоў вяртае яму веру ў жыццё і зноў дае месца ў сэрцы Айца. «Так», сказанае Айцу, — гэта захапленне Божаю любоўю і міласэрнасцю, але гэта і пакорная просьба аздаравіць нашыя адносіны, зрабіць нас здольнымі любіць, прабачаць, быць разам паўсюль, дзе мы забылі пра сваю годнасць сына ці дачкі, пра падораную любоў, пра шчасце жыць ў супольнасці — сямейнай, сужэнскай, братэрскай ці сяброўскай сувязі.

Другое «так» — таксама для Айца. У параўнанні з непрысутнымі, нявернымі бaцькамі, якія любяць толькі пры выкананні пэўных умоваў і кормяць уласнае «эга» поспехамі сваіх дзяцей, пачынаюць з імі спаборнічаць, гэты Айцец проста чулы і пяшчотны. Яму ўласціва абсалютная вернасць. Габрэйскае слова «hesed» азначае быць добрым і верным, не магчы перастаць любіць, нават калі дзіця адпрэчвае любоў. Нябесны Айцец не адварочваецца, не абражае, не ставіць умоваў, цярпліва чакае вяртання сына дадому. У Яго сэрцы жыве прабачальная любоў «rahamim», якая не памятае зла, а адраджае жыццё, як маці. Гэта крыніца, з якой заўсёды можна зачарпнуць жывой вады.

Трэцяе «так» — не для сына, героя, які вярнуўся, не для расчараванага «прыстойнага» старэйшага брата, яно таксама належыць Айцу. Бо Айцец — гэта дом, Яго любоў — падмурак, сцены і дах, гэта месца, дзе ёсць жыццё, і яно прызначанае для таго, каб жыць. Толькі ў Ім можна ва ўсёй паўнаце стаць сабою. Трэцяе «так» — гэта просьба даверыцца любові Айца.


Айцец Томаш Заморскі ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней