Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра Божую справядлівасць і міласэрнасць.
XXVI Звычайная нядзеля, Год С (25.09.2022)
Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў. А нейкі жабрак, імем Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі прыходзілі і лізалі ягоныя струпы. Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны. У адхлані, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. Усклікнуўшы, ён сказаў: «Ойча Абрагаме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў мой язык, бо я пакутую ў полымі гэтым». Але Абрагам сказаў: «Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці». Тады сказаў ён: «Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты». Абрагам адказаў: «У іх ёсць Майсей і Прарокі, няхай слухаюцца іх». А той сказаў: «Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца». Тады Абрагам сказаў яму: «Калі Майсея і Прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць».
(Лк 16, 19–31)
«Ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім…»
«Чаму сумленным людзям жывецца цяжка, а дрэнным, бязбожным спадарожнічаюць поспех і багацце? Дзе тут справядлівасць? Куды глядзіць Бог?» — такія ці падобныя пытанні ўзнікаюць нават у вернікаў, калі яны чарговы раз сустракаюцца з праявамі несправядлівасці. Узгаданая вышэй фраза з Евангелля дапамагае на іх адказаць. Справа ў тым, што Бог, як вучыць катэхізіс, «за дабро ўзнагароджвае, а за зло карае». З іншага боку, няма такіх людзей, якія былі б абсалютным злом, як і няма абсалютна бязгрэшных (за выключэннем Беззаганнай Божай Маці ды ачышчанага Духам Святым ва ўлонні маці Альжбеты Яна Хрысціцеля).
Божая ж справядлівасць патрабуе, каб кожны атрымаў тое, чаго заслугоўвае. Таму Бог, ведаючы, што канкрэтны чалавек мае не так шмат грахоў і яны не вельмі цяжкія, можа даць яму магчымасць ачысціцца ад іх яшчэ пры зямным жыцці, дапускаючы на яго долю тыя ці іншыя выпрабаванні. Прымаючы іх у духу пакаяння і ўдзельнічаючы ў збаўчых цярпеннях Хрыста, чалавек мае зручную магчымасць прайсці ўвесь чысцец ці яго частку яшчэ на зямлі. Бо нічога нячыстага не ўвойдзе ў Божае Валадарства, а нельга назваць чыстым тое, што мае хоць адну пляму ці лёгкую забруджанасць. У той жа час у жыцці нават самага вялікага злачынцы было нейкае дабро, нават учыненае не з самай высакароднай матывацыяй. І яно заслугоўвае ўзнагароды — часовымі дабротамі ў гэтым свеце, якія ў параўнанні з вечнасцю — пыл і марнасць, і забраць іх туды немагчыма. Усё адпаведна з заслугамі кожнага.
У той жа час трэба памятаць, што даброты, здабытыя несумленным шляхам, толькі пагоршаць стан грэшніка, а міласэрнасць да бліжніх можа кампенсаваць усялякае зло, якое было ўчынена ў мінулым. Неміласэрнасць жа з’яўляецца вельмі цяжкім грахом, і менавіта яна прывяла багацея з прыпавесці ў пекла. Таму нельга быць упэўненым у сваёй адноснай бязгрэшнасці, калі не маеш нават спачування да бяды бліжняга, замыкаешся на тых, хто сапраўды ў патрэбе, і не ўмееш прабачаць. Міласэрнасць Бога большая за Яго справядлівасць і праяўляецца галоўным чынам да тых, хто сам здольны несці дабро іншым, нават калі, па-людску кажучы, яны яго не заслугоўваюць. Толькі Бог ведае таямніцы кожнай душы, а нам трэба імкнуцца быць міласэрнымі, як міласэрны Айцец наш Нябесны.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP