Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем аб праўдзівым нараджэнні Хрыста ў нашых сэрцах.

Урачыстасць Нараджэння Пана, Год A (25.12.2022) 

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.

Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.

У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.

А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.

Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.

Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».

Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў.

(Ян 1, 1–18)

Ці прымуць Яго свае?

У рымскім абрадзе на працягу доўгага часу амаль кожная святая Імша завяршалася Пралогам Евангелля паводле св. Яна (цяпер гэтая традыцыя захоўваецца ў цэлебрацыі сакрамэнту Эўхарыстыі паводле Імшала 1962 г.). І нездарма, бо прыгадванне вялікай таямніцы ўцелаўлення Спрадвечнага Бога амаль адразу пасля Яго сакрамэнтальнага прыняцця вучнямі вельмі дапамагае захаваць Яго як мага даўжэй у сэрцы і думках і натхняе сведчыць аб Ім усім сваім жыццём.

Кожная фраза гэтага святога тэксту напоўнена глыбокім тэалагічным зместам, і хто, як не само Слова, якое стала Целам і яшчэ нават фізічна прысутнічае ў нас, дапаможа лепш разумець гэты змест і перадаваць яго тым, хто яшчэ не пазнаў Бога. Напрыклад, калі ў размове са сведкамі Яговы або іншымі антытрынітарыямі, якія не прызнаюць Езуса Хрыста Богам, узгадаць, што з выразаў «Богам было Слова» і «Слова сталася Целам» наўпрост вынікае, што «Бог стаўся Целам», і што гэта не хто іншы, як Той, пра каго далей сведчыць Ян Хрысціцель, наўрад ці яны змогуць адэкватна запярэчыць гэтай праўдзе…

Але каб сведчыць іншым, трэба самому быць цвёрда перакананым і моцным у веры. Слова сталася Целам для таго, каб мы ўсведамлялі, што самі з’яўляемся не толькі целамі з іх зямнымі патрэбамі. Святло свеціць у цемры, каб нашую цемру перамяніць у праўдзівае святло. А ці заўсёды мы здольныя распазнаць за яркім бляскам рэкламаў гэтага свету яго духоўную цемру і пустку? І наадварот, у ноч цяжкасцяў і выпрабаванняў ці здольныя ўбачыць святло Бэтлеемскай зоркі і славу ўваскрасення? Гэтая Божая слава ў паўнаце сваёй адкрываецца тым, чыё сэрца імкнецца стаць пакорным прытулкам для Божага Дзіцяці. Аднак ці не пераўтвараецца часам святкаванне Яго нараджэння ў задавальненне «жаданняў цела»?

Добрая традыцыя збірацца разам з роднымі і блізкімі падчас вігілійнай вячэры ці за святочным сталом застанецца добрай толькі тады, калі не заменіць удзелу ў літургіі. Дзяленне аплаткаю, найлепшыя пажаданні і калядныя спевы толькі пры аб’ектыўнай немагчымасці прысутнічаць на Пастэрцы або дзённай святой Імшы могуць стаць слабой альтэрнатывай Эўхарыстыі, у якой рэальна прысутнічае жывы Бог, і малітве Касцёла. Без сакрамэнтальнай ласкі ўсё гэта рызыкуе пераўтварыцца толькі ў мілыя звычаі, якія не маюць уплыву на далейшае жыццё. Адно другое не выключае, але, калі давядзецца выбіраць — або святочная гасціна, або літургія — што кожны з нас палічыць важнейшым?..

«Прыйшло да сваіх», але ці прымуць Яго «свае»? Ці пойдуць у святое месца, каб пакланіцца Яму разам з пастухамі і мудрацамі?..

Варта ўсё ж памятаць, што тым, якія прынялі Слова, Яно «дало ўладу стаць Божымі дзецьмі», якія пануюць над сабою, над спакусамі гэтага свету і выбраюць найлепшае. А найлепшае — гэта і ёсць Бог, які прыйшоў, каб запрасіць нас на вечнае святкаванне.


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней