Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра ўмовы, неабходныя для збаўлення.
III Звычайная нядзеля, Год A (22.01.2023)
Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. Пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія. Так збылося сказанае прарокам Ісаем, які кажа: «Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева, на шляху марскім, за Ярданам, Галілея язычнікаў, народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло».
З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
(Мц 4, 12–17)
«Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае…»
У сучасным свеце, на жаль, вельмі распаўсюджаныя меркаванні, нібыта людзям добразычлівым, сумленным, адказным, хоць і няверуючым, збаўленне таксама гарантавана. Маўляў, «навошта хадзіць у касцёл, выконваць касцёльныя запаведзі, прымаць сакрамэнты, калі дастаткова быць проста “добрым чалавекам”, і рай табе забяспечаны». Але Каталіцкі Касцёл ніколі так не навучаў! Наадварот, яго найлепшыя прадстаўнікі, чыя святасць у сучаснікаў не выклікала сумненняў, без фальшывай пакоры лічылі сябе вялікімі грэшнікамі, чыё збаўленне пад вялікім пытаннем, у адпаведнасці са словамі святога Паўла: «Калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці» (1 Кар 10, 12), а таксама: «З бояззю і трымценнем здзяйсняйце сваё збаўленне» (Флп 2, 13). Чым бліжэй чалавек да Божага Валадарства, тым лепш у Боскім святле ён бачыць нават найдрабнейшыя свае заганы, якія ніхто больш не заўважае, акрамя яго самога, разумее іх несумяшчальнасць са святасцю і баіцца больш за ўсё зняважыць Бога нават такім малым грахом.
Сёння, на жаль, гэтая боязь Божая — адзін з дароў Духа Святога — не вельмі ў пашане. Парадаксальна, але менавіта некаторыя з прадстаўнікоў так званых харызматычных рухаў, якія, здавалася б, павінны ў першую чаргу даваць прыклад карыстання гэтымі дарамі, спрычыніліся да заняпаду боязі Божай у жыцці вернікаў. <…> А ў выпадку няверуючых людзей, але добрых у адносінах да іншых, ёсць такая небяспека: быць несправядлівымі да Крыніцы ўсялякага дабра, прыпісваючы сабе дабро, якое яны маюць і здзяйсняюць, лічачы сябе бязгрэшнымі асобамі, якім непатрэбнае пакаянне!..
Такім чынам, збаўленне гарантавана можа быць толькі тым, хто ў звычайных умовах памірае пасля добрай сакрамэнтальнай споведзі без новых грахоў, або прынамсі пакідае гэты свет са шчырым жалем за ўсе свае грахі, калі няма магчымасці паспавядацца. Але ці здольны няверуючы чалавек да пакаяння перад Тым, у каго не верыць? Калі так — то ён ужо будзе веруючым! І ці можна сёння казаць, што ў сучасным цывілізаваным свеце ёсць дарослыя людзі, якія б не мелі магчымасці пазнаць Бога (праз тыя ж сродкі масавай інфармацыі) без уласнай віны? Хутчэй за ўсё, некаторыя не робяць гэтага, памылкова спадзеючыся, што няведанне Божай навукі вызваляе ад адказнасці за жыццё, якое не ва ўсім адпавядае ёй. Ды й ці хочуць такія людзі збавіцца, калі іх задавальняе свет без Бога?
Зразумела, тыя, хто лічыць сябе вернікам, не могуць быць абыякавымі да збаўлення іншых: сам Бог хоча ўсіх збавіць, але на ланцугу нікога ў рай не цягне. Любоў да бліжняга змушала місіянераў ехаць на край свету, каб выканаць наказ Хрыста: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца, і Сына, і Духа Святога» (Мц 28, 19), які не меў бы сэнсу, калі б вера была неабавязковай для збаўлення, калі б была лягчэйшая альтэрнатыва…
Дрэнным хрысціянінам будзе той, хто лічыць веру сваёй прыватнай справай, не клапоціцца пра выхаванне ў ёй сваіх дзяцей і ўнукаў, не моліцца аб тым, каб сэрцы няверуючых адкрыліся на прыняцце Божай ласкі, без якой нельга збавіцца, як вучыць Касцёл. Так, ён ніколі нікога не аб’яўляў афіцыйна асуджаным на пекла, але гэта не азначае, што яно пустое і няма рэальнай пагрозы туды трапіць. Так, разам з прыйсцем у гэты свет уцелаўлёнага Бога Яго Валадарства наблізілася да людзей, але каб туды ўвайсці, трэба адклікнуцца на Божы голас, на пакліканне да святасці, якое заключаецца не толькі ў тым, каб быць проста «добрым чалавекам», але і верыць у Бога і Яго вучэнне, спадзявацца на Яго і любіць больш за ўсё, з удзячнасю і пашанай карыстаючыся ўсімі сродкамі збаўлення, якія Ён нам пасылае праз Каталіцкі Касцёл, і сярод іх не апошняе месца займаюць сакрамэнт пакаяння і Эўхарыстыя.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP