Разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем пра тое, як важна ўпісаць свае каштоўнасці ў саму сутнасць свайго жыцця.

VI Звычайная нядзеля, Год А (12.02.2023)

Бо кажу вам, калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд.

Вы чулі, што сказана: «Не чужалож». А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сваім сэрцы.

Вы чулі, што сказана было продкам: «Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае». А Я кажу вам: не прысягайце наогул.

І няхай будзе слова вашае «так-так», «не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога.

(Мц 5, 20–22а. 27–28. 33–34а. 37)

Патрэбна толькі адно

Спачатку Езус гаворыць слухачам, што калі іх праведнасць не будзе большая, чым у кніжнікаў і фарысеяў, яны не ўвойдуць у Валадарства Нябеснае. Пасля, спасылаючыся на прыклады з жыцця — канфлікт з іншым чалавекам, грэх чужаложства — Ён звяртае ўвагу на ключавую важнасць інтэнцыі, з якой робіцца пэўны ўчынак, для таго, каб ацаніць справядлівасць чалавека. Захаванне закона заключаецца не толькі ў тым, каб дзейнічаць бездакорна ў адпаведнасці з літарай запаведзяў, але і ў тым, каб інтэграваць норму ў сваё жыццё і каб яна стала натуральным спосабам рэагавання на розныя жыццёвыя сітуацыі. Тады справядлівасць будзе не толькі знешняю адзнакаю паводзінаў, але і ўласцівасцю чалавека. Такім чынам, гаворка ідзе не толькі пра тое, каб унікаць гвалту ва ўчынках, але і пра тое, каб не распальваць варожасці ў сэрцы. Важна не толькі не дапусціць сужэнскай здрады, але і не жадаць у сэрцы гэтага граху. Важна не толькі захоўваць закон, трымаючы на кароткім павадку ўласныя жаданні, — неабходна, каб паводзіны чалавека гарманічна адпавядалі яго ўнутранаму свету. Гаворка ідзе пра тое, каб быць паслядоўным, цэльным чалавекам. Быць тым, хто сам жыве каштоўнасцямі, якія дэкларуе.

Ці проста дасягнуць такога ідэалу? Цяжка сказаць. Гэта працэс, расцягнуты ў часе, і невядома, наколькі доўга трывае эфект. Адразу прыходзіць у думкі постаць Езуса, які «не здзяйсняў граху», прычым не толькі для таго, каб дастасавацца да знешняй нормы паводзінаў, але і па той прычыне, што грэх не быў для Яго прымальным варыянтам. Езус быў гарманічным і цэльным чалавекам.

У адной з кніг папа Бэнэдыкт XVI пісаў пра Езуса з Назарэта, што ў Ім мы можам бачыць не толькі гармонію маральнай прыроды і дзеяння, але і нешта большае – адзінае ў сваім родзе поўнае злучэнне місіі і жыцця. Езус прапаведаваў слова ад Айца, пасланне пра тое, як добра і мудра жыць, і адначасова сам быў гэтым Словам. Яго жыццё, характар, індывідуальнасць і рашэнні сталі ажыццяўленнем паслання, якое Ён прынёс. Ён сам быў зместам таго, што прапаведаваў. Што ўваходзіла ў гэты змест? Бог — гэта любоў, а любоў — гэта «жыццё для…». Тэалогія называе гэта праэкзістэнцыяй. Бэнэдыкт XVI услухоўваўся ў гэтае пасланне. А ці ўслухоўваюся я?


Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле «W drodze»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней