На пачатку Вялікага посту, мы разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР разважаем над паняццямі цноты і граху.
І Нядзеля Вялікага посту, Год А (26.02.2023)
Потым Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. Пасля сарака дзён і сарака начэй посту Езус адчуў голад. Тады падышоў да Яго спакуснік і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам». А Ён сказаў у адказ: «Напісана: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”».
Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на крыле святыні і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй”». Езус сказаў яму: «Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”».
Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх. І сказаў Яму: «Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне». Але Езус сказаў яму: «Адыдзі, сатана! Бо напісана: “Пану Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы”».
Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось, анёлы падышлі і служылі Яму.
(Мц 4, 1–11)
Цнота і грэх
З-за першароднага граху ў чалавеку парушылася закладзеная Богам гармонія ў яго адносінах да самога сябе, да навакольнага свету і, галоўнае, да Стварыцеля. У выніку гэтага найвышэйшыя сілы душы — розум і воля — аслаблі і сталі падпарадкоўвацца яе ніжэйшым сілам — пачуццям, замест таго, каб панаваць над імі. Таму часта людзі кіруюцца не розумам, а пажадлівасцю цела, пажадлівасцю вачэй і жыццёвай пыхай (пар. 1 Ян 2, 16), якія праяўляюцца ў сямі галоўных грахах. Яны называюцца так таму, што няма ніводнага іншага граху, які б не браў свой пачатак хоць бы ў адным з іх, яны прарастаюць як пустазелле ў душы і заглушаюць у ёй усё добрае, калі своечасова іх не вырваць.
Інакш кажучы, галоўныя грахі — гэта няздольнасць правільна распараджацца тым, што закладзена ў нашую натуру як карыснае і нават патрэбнае. Напрыклад, пажадлівасць цела: праз няўмеласць панаваць над натуральнымі інстынктамі працягнуць род і ўласнае жыццё, праз такія распаўсюджаныя грахі як распуста, абжорства і п’янства пажадлівасць цела дае пачатак розным хваробам, а таксама вядзе да паламаных лёсаў, разбітых сем’яў, забойстваў (у першую чаргу — да забойстваў ненароджаных дзяцей) і г.д.
Адсутнасць кантролю над негатыўнымі эмоцыямі, над імкненнем да матэрыяльнага дабрабыту і асабістай дасканаласці (жыццёвая пыха і пажадлівасць вачэй) у выглядзе гневу, зайздрасці, хцівасці, ганарыстасці спараджае цэлы шэраг разнастайных грахоў — ад дробных крадзяжоў і сварак да забойстваў і ваенных канфліктаў. А так званая «маці ўсіх грахоў» — духоўная лянота — не дазваляе волі ўзбудзіць жаданне ісці Божым шляхам, зямны адпачынак ставіць вышэй за вечны адпачынак у Нябесным Валадарстве…
З гэтага Валадарства вечнага шчасця ўцелаўлёны Бог Сын прыйшоў у наш сапсаваны грахом свет, каб даць нам сваю незаменную дапамогу ў аднаўленні страчанай гармоніі — даць Добрую Навіну і сакрамэнтальную ласку. На самым пачатку сваёй публічнай дзейнасці Ён, будучы абсалютна бязгрэшным (Бог і грэх — несумяшчальныя паняцці), дазволіў д’яблу спакушаць сваю чалавечую натуру менавіта дзеля таго, каб паказаць нам прыклад, як правільна рэагаваць на спробы ворага чалавечага роду збіць нас з Божага шляху і ўкінуць у багну грахоў. Таму трэба памятаць, што сама па сабе спакуса — яшчэ не грэх, а сутыкненне з намаўленнем да граху, якое адразу трэба спыняць, не чакаючы моманту, калі зацемнены першароднай заганай розум пачне зло лічыць дабром і аслабленая воля дасць згоду на гэта ўяўнае дабро. Бо тады застанецца толькі крок да ажыццяўлення дрэннага ўчынка. Спакуса, згода розуму і волі, учынак — вось такія этапы праходзіць кожнае грэхападзенне. І калі змагацца ўжо на першым этапе, з Божай дапамогай можна прадухіліць вялікае зло, наступстваў якога зараз мы можам нават не ўяўляць.
А дзеля таго, каб хутчэй перамагаць спакусы, належыць з Божай дапамогай развіваць цноты — пастаянную схільнасць да дабра. Сярод іх вылучаюцца цноты Боскія — вера, надзея і любоў, і кардынальныя — разважлівасць, справядлівасць, памяркоўнасць і мужнасць, а таксама такія важныя, як пакора і чысціня. Цнатліваму чалавеку агідная ўжо сама грэшная думка. Таму на пачатку Вялікага посту варта кожнаму, зрабіўшы добры рахунак сумлення, выявіць, якія з грахоў яго асабіста найчасцей атакуюць, і вызначыць, над якімі супрацьлеглымі цнотамі трэба працаваць у першую чаргу. Трэба таксама памятаць, што поспех у гэтай духоўнай працы над сабой непасрэдна залежыць ад сакрамэнтальнай ласкі, якую вяртае і аднаўляе споведзь, а ўмацоўвае Эўхарыстыя, праўдзівыя Цела і Кроў Пераможцы граху і Валадара вечнага шчаслівага жыцця.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP