Божая любоў разлітая ў сэрцах

Разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем пра чалавечыя прагненні і тое, што можа іх задаволіць.

ІІІ Нядзеля Вялікага посту, Год А (12.03.2023)

Ён прыйшоў у самарыйскі горад званы Сіхáр, паблізу зямлі, якую даў Якуб Юзафу, свайму сыну. Была там студня Якуба. Езус, стомлены дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Прыйшла жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Кажа ёй Езус: «Дай Мне піць». Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы. Жанчына самаранка сказала Яму: «Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, жанчыны самаранкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі. Езус сказаў ёй у адказ: «Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе: “Дай мне піць”, то прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады». Жанчына кажа Яму: «Пане, у Цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая. Адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы ад айца нашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і сыны яго, і статкі яго?» Езус сказаў ёй у адказ: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў адчуе прагу. А хто б піў ваду, якую Я дам яму, не зазнае смагі навекі; а вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае». Жанчына сказала Яму: «Пане, дай мне гэтай вады, каб я не мела больш прагі і не прыходзіла сюды чэрпаць». Ён адказаў ёй: «Ідзі, пакліч свайго мужа і вяртайся сюды». Жанчына сказала ў адказ: «У мяне няма мужа». Адказаў ёй Езус: «Добра ты сказала, што ў цябе няма мужа. Бо мела ты пяць мужоў, а той, каго цяпер маеш, не муж табе. Праўдзіва ты гэта сказала». Жанчына кажа Яму: «Пане, я бачу, што Ты прарок. Айцы нашыя пакланяліся Богу на гэтай гары, а вы кажаце, што ў Ерузалеме ёсць месца, дзе трэба пакланяцца». Кажа ёй Езус: «Вер Мне, жанчына, што надыходзіць гадзіна, калі і не на гэтай гары, і не ў Ерузалеме будзеце пакланяцца Айцу. Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце. Мы пакланяемся таму, каго ведаем, бо збаўленне — ад юдэяў. Але надыходзіць гадзіна, і цяпер ужо ёсць, калі праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец. Бог ёсць Духам, і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе». Жанчына кажа Яму: «Я ведаю, што прыходзіць Месія, якога называюць Хрыстом. Калі Ён прыйдзе, абвесціць нам усё». Кажа ёй Езус: «Гэта Я, што гавару з табою».

У гэты момант прыйшлі вучні Ягоныя і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынай, аднак ніводзін не спытаўся: «Чаго Ты хочаш?» або: «Чаму Ты гаворыш з ёю?» Тады жанчына пакінула свой збан і адышла ў горад, і казала людзям: «Ідзіце, паглядзіце на чалавека, які расказаў мне ўсё, што я зрабіла. Ці не Хрыстус Ён?» Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.

Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еш». Але Ён сказаў ім: «Я маю для спажытку ежу, якой вы не ведаеце». Тады вучні сказалі адзін аднаму: «Ці нехта прынёс Яму есці?» Кажа ім Езус: «Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне, і завяршыць Яго справу. Ці ж не кажаце вы: “Яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво?” А Я кажу вам: падыміце вашыя вочы і паглядзіце на нівы, як пабялелі яны ўжо для жніва! Жнец ужо атрымлівае плату і збірае плён для жыцця вечнага, каб разам цешыліся сейбіт і жнец. Бо ў гэтым праўдзівае выслоўе: адзін сее, а другі жне. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі. Іншыя папрацавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю».

Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: «Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла». Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы Ягонаму слову. А жанчыне казалі: «Мы верым ужо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!»

(Ян 4, 5–42)

Божая любоў разлітая ў сэрцах

Сустрэча з самаранкаю пачалася з таго, што Пану Езусу захацелася піць і Ён папрасіў вады. Хутка размова перайшла на больш фундаментальныя справы, чым заспакаенне смагі і дарэчнасць таго факта, што габрэй просіць піць у самаранкі. Гаворка ідзе пра чалавека і яго прагненні: прагненне жыцця і любові.

Езус гаворыць, што кожнае прагненне нанова вяртаецца да чалавека і з’яўляецца неабходнасць яго задаволіць. Гэта датычыць як фізіялагічных патрэбаў чалавека, так і любові ды сэнсу жыцця, калі праз пэўны час перажывання радаснага досведу чалавек адчувае ўнутранае выгаранне. Падаецца, што нейкім чынам можна даць сабе рады з гэтымі двухбаковымі арэлямі прагнення і яго задавальнення, калі зрабіць нешта з самім прагненнем. Адзін са спосабаў — пазбавіцца прагненняў, вызваліцца ад іх. І сапраўды, пэўныя філасофскія і рэлігійныя сістэмы раяць гасіць у сабе прагненні і такім чынам дасягаць стану ўнутранага спакою і раўнавагі.

Аднак Хрыстус не наказвае пазбавіцца ад прагненняў, Ён гаворыць, як задаволіць прагненне. Чаго больш за ўсё прагнула самаранка, чаго ёй больш за ўсё не хапала? Мы не ведаем нічога пра яе жыццё, мы не ведаем, якія пачуцці яна перажывала, не можам зазірнуць у глыбіню яе душы. Аднак ёсць адна падказка. У самаранкі было пяць мужоў, а партнёр, з якім яна тады жыла, не быў ёй мужам. Няўжо ўсе пяцёра мужоў памерлі? Падобна, што не, бо Хрыстус ні напрамую, ні метафарычна не гаворыць пра тое, што самаранка некалькі разоў станавілася ўдавою. Тады атрымліваецца, што можна асудзіць яе за амаральныя паводзіны? І гэта нам невядома, бо сам Хрыстус яе не асуджае, хоць і дае зразумець, што ведае яе жыццёвую сітуацыю.

Мне падаецца, можна рызыкнуць і меркаваць, што, як бы меладраматычна гэта ні гучала, самаранка прагнула любові і шукала яе. Час ад часу, ідучы за гэтым прагненнем, яна рабіла правільныя ўчынкі, часам памылялася, грашыла. Езус ведае самаранку, не асуджае яе, але гаворыць, што ў яе жыцці можа з’явіцца тое, што задаволіць яе прагненне назаўжды: можа нарадзіць у ёй любоў да сябе, да Бога і да іншых людзей. Езус выслухаў самаранку і зразумеў.


Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле «W drodze»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней