«Я — уваскрасенне і жыццё»

Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра тое, што азначае паўната жыцця і як выбіраць сапраўдныя каштоўнасці.

V Нядзеля Вялікага посту, Год А (26.03.2023)

Сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы». Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Чалавечы праславіўся праз яе». Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю». Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.

Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой! Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе». Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой». Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень». Езус сказаў ёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?» Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты — Хрыстус, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет».

Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: «Дзе вы паклалі яго?» Яны адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі». Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!» А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»

Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!» Езус сказаў Ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне». І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!» І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць».

Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

(Ян 11, 3–7. 17. 20–27. 33b–45)

«Я — уваскрасенне і жыццё»

Фізічная смерць — аддзяленне душы ад цела — увайшла ў свет разам з першародным грахом, які парушыў гармонію паміж вечнай (духоўнай) і смяротнай (матэрыяльнай) часткамі натуры чалавека, і першая з іх па прычыне аслабленай сувязі з Крыніцай жыцця не можа бясконца падтрымліваць другую пры існаванні. Бог сам прыйшоў у гэты свет у Асобе Езуса Хрыста, Бога-Чалавека, у якім існуе гармонія не толькі паміж часткамі чалавечай натуры, але і паміж дзвюма натурамі — Боскай і чалавечай. Ён прыйшоў, каб даць кожнаму з нас магчымасць праз сакрамэнтальнае з’яднанне з Ім аднавіць страчаную гармонію. Сакрамэнтальная ласка асвячае, умацоўвае нашу сувязь з Богам, хоць і не можа спыніць паміранне цела. Аднак душа, з’яднаная са Стварыцелем, цешыцца радасцю прабывання з Ім і чакае моманту, калі па волі Божай зноў зможа атрымаць адноўленае цела і на гэты раз назаўсёды.

Ці ўсе, хто завуцца хрысціянамі, сапраўды ў гэта вераць? На жаль, многія ахрышчаныя, ідучы за павевамі аддаленага ад Бога свету, лічаць, што паўната жыцця — у максімальным карыстанні матэрыяльнымі дабротамі і задавальненні зямных амбіцый. Часта можна пачуць: «У жыцці ўсё трэба паспрабаваць!» Але, калі падумаць, гэта проста немагчыма фізічна! (Нават памерці можна толькі нейкім адным спосабам!) Таму трэба вучыцца выбіраць найлепшае, а найлепшае — гэта тое, што набліжае да Найвышэйшага Дабра. Таму заўсёды, стоячы перад нейкім выбарам, трэба задаваць сабе пытанне: «Ці наблізіць гэта мяне да Бога?» Калі не, то якой бы прывабнай і карыснай для зямнога жыцця не здавалася тая ці іншая прапанова, ад яе трэба адмовіцца дзеля дабротаў вечных. Ні зямная слава, ні багацці ў вечнасці не спатрэбяцца. Карысць з іх будзе толькі тады, калі ў зямным жыцці іх выкарыстоўвалі не для самазадавальнення, але дзеля хвалы Божай. Ніякі грэх не будзе праслаўленнем Бога, толькі знявагай Таго, хто нас любіць. Грэх пазбаўляе нас сапраўднага жыцця, якое такім будзе толькі з Богам.

Пакуль яшчэ ёсць час і магчымасць, варта карыстацца сакрамэнтальнай ласкай, якая дапамагае ўзрастаць у цнотах (сталай схільнасці да дабра), што выклікаюць агіду нават да самой грэшнай думкі, напаўняюць душу Божым спакоем і ўзмацняюць веру ў тое, што Бог не падвядзе нашых спадзяванняў і дасць нам удзел у Яго слаўным уваскрасенні і жыцці ў Валадарстве вечнай любові.


Айцец Міхал Ермашкевіч OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней