Ва ўрачыстую нядзелю Уваскрасення Пана, разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем пра тое, як уваскрасенне паступова раз’ясняе нашую цемру і становіцца для нас новым пачаткам.
Велікодная нядзеля, Год А (09.04.2023)
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
(Ян 20, 1–9)
Пачатак новага жыцця
Кракаўскія дамінікане адчынілі музей, дзе захоўваюцца творы мастацтва і літургічнае адзенне, што сабраў Ордэн за багатую 800-гадовую гісторыю. Адзін з найкаштоўнейшых аб’ектаў — гэта фрагменты познесярэднявечнага алтарнага абраза-трыпціха. Сярод іншых сцэнаў на ім намаляванае уваскрасенне Хрыста.
Некаторыя фрагменты абраза моцна пашкоджаныя. Аказалася, што там, дзе мне раней бачыліся здзекі над Езусам, насамрэч намаляваная сцэна ўваскрасення. Мяне ўвёў у зман чырвоны плашч. Тое, што здавалася трысцінай, аказалася фрагментам пераможнай харугвы, а фігуры жаўнераў — не тыя, што здзекаваліся з Хрыста, а тыя, што заснулі каля магілы. Хрыстус выходзіць з гробу і адначасова нібы сядзіць на троне.
У тэалогіі мы ўжываем выраз «таямніцы веры» не таму, што яны вядомыя толькі людзям, якія дапушчаныя да іх пазнання, і не таму, што гэтыя таямніцы незразумелыя простаму чалавеку. Мы называем іх таямніцамі, бо яны маюць бясконцую глыбіню, мы ніколі не зможам да канца спасцігнуць іх змест. У гэты змест трэба пагружацца, што адбываецца паволі, калі мы медытуем над імі, а не бегла кідаем пагляд.
Святы Грыгорый Вялікі, каментуючы тое, як Марыя Магдалена прыйшла да гробу раніцаю Уваскрасення, гаворыць, што змрок, які пануе ў гэты час, — гэта не толькі цемра ранняй пары. Гэта таксама і стан яе духу — сум, няпэўнасць, неразуменне сітуацыі. Аднак паступова Марыя Магдалена, а за ёю і Апосталы пачынаюць разумець усё больш, рэчаіснасць становіцца яснейшаю. Паўстанне з мёртвых Хрыста — гэта не вяртанне да ранейшага стану, а паўстанне да новага жыцця. Гэта ўстанаўленне новай рэальнасці, якую мы пазнаем, калі дазваляем, як піша апостал Павел, каб яна дзейнічала ў нас як пачатак новага жыцця.
Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле «W drodze»