Разам з айцом дамініканінам Радаславам Венцслаўкам ОР мы разважаем пра тое, ці варта ісці па слядах Хрыста, калі гэта азначае цярпенні.

IV Велікодная нядзеля, Год А (30.04.2023)

У дзень Пяцідзясятніцы ўстаў Пётр разам з Адзінаццаццю і прамовіў моцным голасам да іх: «Няхай кожны дом Ізраэля цвёрда ведае, што гэтага Езуса, якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў і Панам, і Месіяй».

Калі ж пачулі гэта, змякчэла сэрца іхняе і яны сказалі Пятру і астатнім Апосталам: «Што нам рабіць, браты?» Сказаў ім Пётр: «Пакайцеся і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў вашых, і атрымаеце дар Духа Святога. Бо вам належыць абяцанне і дзецям вашым, і ўсім тым, хто далёка, каго толькі пакліча Пан Бог наш».

І многімі іншымі словамі ён сведчыў і навучаў, кажучы: Ратуйцеся ад гэтага падступнага пакалення.

Тыя ж, хто прыняў слова ягонае, ахрысціліся. І далучылася ў гэты дзень да іх каля трох тысяч душ.

(Дз 2, 14а. 36–41)

Калі чыніце дабро і церпіце, то маеце ласку ў Бога. Вы для таго пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім. Ён не ўчыніў граху, і не было падману ў вуснах Ягоных. Ён, калі Яму зласловілі, не зласловіў у адказ, калі цярпеў, не пагражаў, але давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва. Ён сам, у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці. Ранамі Яго вы аздароўленыя. Бо вы былі, як авечкі, што заблукалі, але цяпер вы вярнуліся да Пастыра і Ахоўніка вашых душ.

(1 П 2, 20b–25)

«Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых». Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.

Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я – брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.

(Ян 10, 1–10)

Ці варта?

У сваім Першым пасланні святы Пётр распавядае нам пра Хрыста: «Пакінуў вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім» (пар. 1 П 2, 21b). Сам Езус таксама гаворыць пра сябе як пра Добрага Пастыра, які «ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас». Дзякуючы Яму кожны «знойдзе пашу», а Ён прыйшоў, каб авечкі «мелі жыццё і мелі ў дастатку». У Евангеллі паводле Яна перададзеныя абяцанні, дзякуючы якім насыцяцца нашыя прагненні і збудзецца паўната жыцця, калі мы пойдзем за Езусам. А Пётр гаворыць, што трэба ісці за Ім слядамі цярпення. Ці могуць гэтыя два напрамкі, паказаныя сённяшнімі чытаннямі як наступствы наследавання Хрыста, супасці для людзей, што не хочуць быць мазахістамі або вечнымі пакутнікамі?

Кропка, у якой перасякаюцца гэтыя зусім розныя сцежкі, — Асоба Езуса. Ён прайшоў праз жудасны досвед пакутаў і праз гэта дасягнуў паўнаты жыцця, і з гэтага багацця мы няспынна чэрпаем. Калі мы ідзем дарогаю Хрыста, то не павінны здзіўляцца, што перажываем тое ж самае, што перажываў і Ён. Але не кожнае цярпенне мае крыніцу ў наследаванні Хрыста і, адпаведна, не кожнае цярпенне робіць нас падобнымі да нашага Пана. Пётр ясна акрэслівае: «Гэта ласка, калі нехта пакутуе з думкаю пра Бога, церпячы несправядліва».

Святое Пісанне нас не падманвае. Добрае жыццё мае сваю цану, і менавіта гэта прыпадабняе нас да Езуса. «Ён не ўчыніў граху, і не было падману ў вуснах Ягоных. Ён, калі Яму зласловілі, не зласловіў у адказ, калі цярпеў, не пагражаў, але давяраў сябе таму, хто судзіць справядліва». Калі мы жывем паводле запаведзяў, без падману, не адплочваючы злом за зло, тады мы адмаўляемся ад многіх эфектыўных спосабаў унікаць жыццёвага болю і становімся безабароннымі. Гэта цана наследавання Хрыста. Ці варта? Варта, калі мы сапраўды верым, што на Хрыстовай дарозе мы дасягнем паўнаты жыцця і насыцім свае найглыбейшыя прагненні. Я — веру.


Айцец Радаслаў Венцлавэк OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней