Разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем пра дары Духа Святога — Параклета.

VІ Велікодная нядзеля, Год А (14.05.2023)

Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі, Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе. Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас. Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму.

(Ян 14, 15–21)

Наймілейшы госць

У многіх перакладах Евангелля не ўжываецца слова «Параклет», а замест гэтага гаворыцца «Суцяшыцель». Грэцкае слова parakletos азначае «пакліканы быць побач з кімсьці, той, хто актыўна дапамагае». Гэтае слова, што гучыць так таямніча, хутчэй за ўсё, паходзіць з судовай сістэмы Грэцыі. Параклет станавіўся абаронцам, а мог быць і абвінаваўцам. Ён мог заступацца за таго, хто яго паклікаў.

А хто такі Параклет, якога запрашае Езус? Вядома, што гаворка ідзе пра Духа Святога і пра Яго місію ў Касцёле і ў свеце. Дзякуючы ласцы Духа Святога словы Евангелля становяцца для нас чымсьці жывым, перамяняючы сэрцы і думкі. Дух дзейнічае ў чалавеку. Мне падаецца, сэнс гэтага ўнутранага дзеяння маглі б добра акрэсліць сучасныя словы коўч або настаўнік. Гэта асістэнт, але не такі асістэнт, які прыносіць шэфу каву, а той, хто вядзе да дасканаласці, да паляпшэння. Хрыстус гаворыць, што гэта Дух праўды, які будзе прабываць у нас і будзе з намі. Святы Аўгустын называў Хрыста ўнутраным Настаўнікам, але мы маглі б і Духа Святога называць мудрым педагогам, які, з аднаго боку, падтрымлівае нас у цяжкасцях, а з другога — можа паказаць, што ёсць грэх. Ён дапамагае нам станавіцца на ногі і заставацца ў праўдзе.

Гэтая функцыя дзеяння ў чалавеку знутры добра апісана ў двух старажытных традыцыйных хрысціянскіх тэкстах: гімне і секвенцыі да Духа Святога. У гімне ідзе гаворка пра пазнанне Бога і пра моц жыцця ў веры. А калі я перачытваў тэкст секвенцыі, наступныя словы кранулі мяне больш за ўсё: «Наймілейшы Госць душы, Прахалода стомленых, Святло шчаслівае…», «Усё, што бруднае — абмый, што засохла — ажыві, што паранена — злячы. Нахілі, што цвёрда, разагрэй, што горда, выпрастай крывое». Сэрца забілася ўва мне наймацней. А якія словы прамаўляюць да вас? Якога дару Духа Святога вы прагнеце?


Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле «W drodze»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней