«Міласэрнасці хачу, а не ахвяры»

Разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем пра сапраўдны сэнс рэлігіі ў адрозненне ад культу.

Х Звычайная нядзеля, Год А (11.06.2023)

Пазнаем жа і будзем імкнуцца пазнаць Пана.
Прыйсце Яго пэўнае, як надыход світання.
Ён прыйдзе да нас, як лівень,
як веснавы дождж, які напоіць зямлю.
Што ж зрабіць мне табе, Эфраім,
што ж зрабіць мне табе, Юда?
Міласэрнасць вашая, нібы ранішні туман
і раса, што хутка знікае.
Таму Я ўдараў іх прарокамі,
таму я забіваў іх словамі вуснаў Маіх,
таму суд Мой заяснее, як світанне.
Бо міласэрнасці хачу, а не ахвяры,
пазнання Бога, а не ўсеспалення.

(Ос 6, 3–6)

Калі Езус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, якога звалі Мацвей, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.

Калі Езус быў за сталом у доме, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і занялі месца за сталом з Ім і вучнямі Ягонымі. Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: «Чаму Настаўнік ваш есць з мытнікамі і грэшнікамі?» Ён жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым. Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».

(Мц 9, 9–13)

«Міласэрнасці хачу, а не ахвяры»

Хоць у жыцці хрысціяніна вельмі важна кіравацца Святым Пісаннем і вучэннем Касцёла, аднак сталыя адносіны да рэлігіі павінны ўключаць механізмы крытыкі і паправак, так, каб розныя памылковыя або недаспелыя формы духоўнасці не сталі ўкаранёнымі звычаямі і перакананнямі. У старазапаветныя часы такой «крытычнай інстанцыяй» у Палестыне былі прарокі.

Адной з праблем, на якую яны звярталі ўвагу, было ператварэнне рэлігіі ў культ, які ўвогуле не ўключаў паняццяў этыкі, чуласці, не ўлічваў экзістэнцыйнага значэння рэлігійных практык. Прарок Ісая гаворыць, што Пану Богу абрыдлі ахвяры, што Ён ненавідзіць рэлігійную двудушнасць, фальш і бяздумнае множанне малітваў. Культ, які набывае магічныя функцыі, не мае адносінаў да рэлігіі.

А што ёсць яе сутнасцю? «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры, пазнання Бога, а не ўсеспалення», — гаворыць прарок Осія ў сённяшнім літургічным чытанні. Любоў і пазнанне Бога — гэта па сутнасці адно і тое ж. Гаворка ідзе не пра тэарэтычнае пазнанне Бога, якое мы атрымліваем, вывучаючы тэалогію або філасофію рэлігіі, а пра досвед любові з усім багаццем яе праяваў, у тым ліку любові да іншага чалавека праз паводзіны, учынкі і эмоцыі. Любоў характарызуе стаўленне да іншых, да сябе самога і да Бога. Гэтае стаўленне дазваляе нам, хоць бы і недасканала, паглядзець на іншага чалавека Божымі вачыма.

Многія габрэі ненавідзелі мытнікаў за тое, што тыя супрацоўнічалі з рымлянамі, і за іх хцівасць. Таму ў разуменні звычайных людзей мытнікі былі грэшнікамі. Але Езус ведаў, што нават у чалавеку, якога лічаць дрэнным, можа пачаць дзейнічаць дабро. Ён адчуў, што Мацвей хоча стаць іншым, лепшым чалавекам, таму звярнуў на яго ўвагу, пачаў з ім сябраваць, сеў з ім за стол. Мытнік адчуў, што Езус яго заўважыў, паклікаў да чагосьці важнага. Перад ім нібыта адкрылася новае жыццё.


Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле «W drodze»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней