Разам з айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам ОР мы разважаем пра адзіную сапраўдную мэту чалавечага жыцця і пра тое, што значыць адрачыся ад Хрыста.
ХІІ Звычайная нядзеля, Год А (25.06.2023)
Езус сказаў сваім Апосталам: «Не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага. У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.
Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах».
(Мц 10, 26–33)
Адзіная і сапраўдная мэта
«А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах» (Мц 10, 26–33). Што гэта азначае? Пагрозу помсты за неадпаведныя адносіны? Шантаж? Напэўна, для многіх гэта сапраўды так выглядае, калі мераць чалавечымі меркамі. Аднак больш глыбокае разважанне пра тео, што значыць «вызнаць Езуса» і «адрачыся ад Яго», дапамагае зразумець сапраўдны сэнс гэтага выказвання. Слова, якое «сталася целам», вучыць нас, што, або дакладней, Хто з’яўляецца канчатковай мэтай нашага жыцця; паказвае, як гэтую мэту дасягнуць; а таксама забяспечвае неабходнымі для гэтага звышнатуральнымі сродкамі. На жаль, нават многія з тых, хто называе сябе хрысціянінам, асноўнай мэтай жыцця бачаць тое, што на самай справе з’яўляецца толькі натуральным сродкам забеспячэння пэўнага ўзроўню жыцця — ад патрэбаў цела да асаблівага становішча сярод людзей. А значыць, ад Езуса і Яго вучэння адракаюцца не толькі вераадступнікі ці бязбожнікі, але і тыя, хто сваімі паводзінамі і духоўнай пазіцыяй пярэчыць спазнаным праўдам веры, якую вызнаюць вуснамі.
Кожны чалавек, які жыў, жыве ці яшчэ будзе жыць на зямлі, калісьці ў будучыні ўваскрэсне. Яго душа зноў з’яднаецца з целам, якое ўжо не будзе патрабаваць ні ежы для падтрымання жыццёвых сілаў, ні багаццяў, ні славы, ні звязаных з усім гэтым задавальненняў. І калі чалавек на зямлі імкнуўся згодна з вучэннем Хрыста падпарадкоўваць сваё жыццё адзінай сапраўднай канчатковай мэце — з’яднанню з Богам, або прынамсі перад смерцю яе ўсвядоміў і здолеў шчыра пакаяцца за ўчынкі, словы і перакананні, якія не адпавядаюць гэтай мэце, то пасля ачышчэння на зямлі ці ў чыстцы ён знойдзе найвышэйшую асалоду і паўнату шчасця ў Богу — крыніцы жыцця, дабра і хараства… Гэтае шчасце, у адрозненне ад зямных часовых задавальненняў, ніколі не «прыесца», не надакучыць і не скончыцца.
Як жа тады адчуюць сябе тыя, хто сваё шчасце і мэту бачыў у зямных дабротах? Яны больш ніколі не змогуць цешыцца тым, дзеля чаго жылі, дзеля чаго пераступалі Божыя наказы, і будуць страшна пакутаваць ад немагчымасці паяднацца з Богам. Пачынаецца гэтае пекла часта з-за боязі страціць нейкія часовыя выгоды ці задавальненні, з-за недахопу веры ў тое, што Божы Провід чувае над разумнай — а значыць, адказнай за свае ўчынкі — істотай, якой ёсць чалавек, дапамагаючы яму рабіць дабро і ўзнагароджваючы да гэта. А калі Пан і дапускае часам нейкае зло, то дзеля таго, каб дабро больш цанілася і ўмацоўвалася ў перамозе над ім. Шлях да шчасця праходзіць толькі праз цноты, а ўзрастанне ў іх немагчыма без ласкі, якую можна параўнаць з жыццядайнай вільгаццю, што наталяе пладародную зямлю. Без Божай ласкі ўсё наша дабро «высыхае» і зарастае «пустазеллем» (як у вядомай прыпавесці пра сейбіта).
Адрачэнне ад Хрыста нават дзеля захавання самога зямнога жыцця фактычна азначае недавер да Божага слова і не дазваляе атрымаць абяцанае вечнае шчасце. Такім чынам, чалавек сам стварае сітуацыю, якая можа нагадваць «карныя санкцыі» з боку Пана Бога, але на самай справе гэта не што іншае, як вольны, хоць і неразумны выбар стварэння, якое паставіла пачуцці вышэй за інтэлект і разважлівасць, страчваючы падабенства да Бога, у пазнаванні якога праз усю вечнасць і рэалізуецца паўната чалавечай асобы.
Айцец Міхал Ермашкевіч ОР