Разам з айцом дамініканінам Мікалаем Вальчакам ОР мы разважаем пра цярплівасць у рэалізацыі кожнай добрай справы.

ХVІ Звычайная нядзеля, Год А (23.07.2023)

Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: „Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?“ А ён сказаў ім: „Варожы чалавек зрабіў гэта“. Тады слугі сказалі яму: „Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?“ Але ён сказаў: „Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў засекі мае“».

(Мц 13, 24–30)

Цярплівасць

Падрыхтоўка гэтага разважання заняла ў мяне шмат часу. З аднаго боку, мноства абавязкаў, з другога — няпростыя тэксты літургіі слова... Тры прыпавесці, хоць і розныя, аднак падобныя між сабою… Размовы з братамі, пошукі… Часам я адчуваў сябе дурнаватым, бо ўвогуле не мог зразумець тое, што казаў мне сябар. Заставалася толькі ўпасці ў роспач. Прыціснуты да сцяны, я яшчэ раз сеў памаліцца і ў душы пачуў: «Будзь цярплівы!»

Хіба не патрэбная цярплівасць і вялікае самаадрачэнне, каб назіраць, як добрае насенне змешваецца з пустазеллем у адной глебе? Каб глядзець на бур’ян, які спусташае глебу і пераплятае свае карані з каранямі збожжа. З-за гэтага ўраджай можа быць нашмат меншы… Хіба не патрэбная цярплівасць, каб глядзець на куст гарчыцы, які вырастае з маленькага зярнятка і пад якім ужо тут і цяпер хацелася б адпачыць? Хіба не патрэбная цярплівасць, каб заквасіць ажно тры меры мукі і спячы хлеб больш чым для сотні чалавек?

У адрозненне ад сучаснага свету, Бог ніколі не абяцаў нам, што ўсё пойдзе лёгка і хутка. Найлепшае пасеянае зерне можа быць знішчанае найгоршым пустазеллем. Няправільна дададзеная закваска, недагляд могуць прывесці да таго, што цеста можна будзе толькі выкінуць. Гэтак жа адбываецца ў нашым жыцці, дзе ўвесь час ідзе гаворка пра поспех (ды яшчэ хутка дасягнуты), іначай ты будзеш нікім. Аднак Бог кажа: «Будзь цярплівы!»

Бог сам цярплівы да нас. Ён да апошняга моманту дазваляе нам выбраць, што з нас вырасце — пустазелле ці збожжа. Ён чакае, калі Яго Валадарства ў нашым сэрцы стане вялікім дрэвам. Урэшце, Ён цярпліва клапоціцца пра тое, каб цеста падрастала і каб потым яно насыціла многіх.

Аддаваймася ж Божаму кіраўніцтву, няхай Бог апрацоўвае нашую «глебу»! Дазволім, каб нашыя душы прынялі закваску Божага слова і сакрамэнтаў. Не чакайма з дня на дзень, калі ўсё зменіцца. Будзьма цярплівымі! А калі цярплівасці пачне не ставаць, яшчэ больш горача ўсклікайма да Духа Святога: «Прыйдзі!» Ён заўсёды прыходзіць на дапамогу нашай слабасці (гл. Рым 8, 26).


Айцец Мікалай Вальчак ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней