Разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра тое, што значыць мудрасць сэрца, якая з’яўляецца дарам Духа Святога.
ХVІІ Звычайная нядзеля, Год А (30.07.2023)
У Гібэоне з’явіўся Пан Саламону ўначы падчас сну і сказаў: «Што хочаш, каб Я даў табе?» І сказаў Саламон: «Цяпер, Пане мой Божа, Ты паставіў каралём слугу Твайго замест бацькі майго Давіда, але я малады і недасведчаны, каб валадарыць. І вось слуга Твой сярод народа Твайго, які Ты выбраў, народа такога вялікага, што яго нельга палічыць і перапісаць. Таму дай слузе Твайму сэрца, якое будзе разумець, як кіраваць народам, як адрозніваць дабро і зло, бо хто ж можа кіраваць такім вялікім народам, як Твой?» І спадабалася Пану тое, аб чым Саламон папрасіў Яго. Тады Пан сказаў яму: «Паколькі ты папрасіў сабе гэта, а не прасіў доўгага жыцця, багацця або згубы сваіх ворагаў, але папрасіў розуму, каб умець судзіць, то Я зраблю паводле слова твайго. Я дам табе такое мудрае і разумнае сэрца, якога не было да цябе ні ў кога і не будзе пасля цябе».
(1 Вал 3, 5. 7–12)
Езус сказаў народу: «Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе».
(Мц 13, 44–46)
«Сэрца, якое слухае»
Малітва маладога караля канцэнтруецца на адной просьбе: каб Бог даў яму lob szomea — «сэрца, якое будзе разумець, як кіраваць народам, як адрозніваць дабро і зло». У габрэйскай мове гэты выраз азначае «сэрца, якое слухае», у Вульгаце cor docile — пакорнае, паслухмянае сэрца, або такое, якое вучыцца.
Намоленае сэрца Саламона ўмее судзіць і аддзяляць усё сапраўднае і Божае ад таго, што ілюзорнае і таму нявартаснае. Менавіта такім з’яўляецца «сэрца, якое вучыцца», гэта Божая мудрасць, што з’яўляецца дарам Духа Святога. «Сэрца, якое слухае», напоўнена мудрасцю з вышыні. Толькі ў Богу і дзякуючы Богу нашае жыццё набывае значэнне і важкасць.
Сэрца, аб якім папрасіў кароль, адкрытае на ласку і пазнанне прысутнасці Бога «тут і цяпер», а таксама гатовае даць адказ на Яго слова. Яно адважваецца на рызыку і, прадаўшы ўсё, купляе зямлю са схаваным у ёй скарбам. Як падарожнік і шукальнік, яно рызыкуе набыткам усяго свайго жыцця дзеля адной-адзінай пярліны. Урэшце, як добра быць злоўленым у Божыя «сеткі» і стаць у іх Божым чалавекам, гэта значыць, мець сэрца, якое слухае і прымае Слова.
Айцец Томаш Заморскі ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».