Спакой у сэрцы чалавека

Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем пра тое, што з’яўляецца крыніцаю спакою для веруючага чалавека.

XIX Звычайная нядзеля, год А (13.08.2023)

[Езус] загадаў вучням сесці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей. Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Ён пайшоў да іх, ідучы па моры. Калі ж вучні ўбачылі, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: «Гэта прывід». I ад страху закрычалі. Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» Пётр сказаў Яму ў адказ: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе». Ён жа сказаў: «Ідзі». Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: «Пане, ратуй мяне!» Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?» Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: «Ты сапраўды Сын Божы!»

(Мц 14, 22–33)

Спакой у сэрцы чалавека

Пра спакой можна разважаць у розных сэнсах. Аднак сёння пагаворым менавіта пра спакой у сэрцы. Прарок Ілля ўцякае ад тых, хто яго пераследаваў, і хаваецца ў пячоры каля падножжа гары Горэб, або Сінай — той самай гары, на якой Бог перадаў Майсею Дэкалог. Пачуўшы шум ціхага ветру, Ілля выйшаў з пячоры і прыкрыў твар. Тады прагучаў голас Бога, які паслаў яго ў Дамаск працягваць выконваць сваю місію. Ілля перастаў баяцца і адчуў у сэрцы спакой — Бог увесь час быў з ім. Магчыма, Ілля ўцякаў са страху, баючыся, што Бог не суправаджае яго і што ён адзін мусіць супрацьстаяць сіле зямных уладароў.

У добра вядомай евангельскай сцэне мы бачым вучняў у чоўне, возера, на якім узбушаваўся вецер, Езуса, які ідзе па вадзе, страх Апосталаў, Пятра, які выходзіць з чоўна і пачынае тануць. Езус хапае Пятра за руку і пытаецца: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?» Калі б я быў на месцы Пятра, то таксама схапіўся б за гэтую руку, але, напэўна, прамармытаў бы сабе пад нос штосьці накшталт гэтага: «Хіба кожны засумняваўся б у такой сітуацыі, праўда?» Калі Езус увайшоў у човен, вецер суцішыўся.

Фрагмент Паслання святога Паўла да Рымлянаў можа збянтэжыць нас, бо, на першы погляд, у ім няма гутаркі пра спакой. Хутчэй, наадварот, там гаворыцца менавіта пра трывогу. Святы Павел піша пра сваіх землякоў, якія не прынялі Евангелля, хоць менавіта да сыноў і дачок Ізраэля Бог праз стагоддзі скіроўваў сваё слова. Апостал сцвярджае, што ён лепш хацеў бы быць адлучаным ад Хрыста, чым бачыць сабратоў у такой сітуацыі. Павел адчувае неспакой, бо перажывае за іншых, клопат пра бліжняга прыносіць трывогу ў яго сэрца.

Уявім сабе таксама маці, сын якой выехаў у далёкае і небяспечнае падарожжа. Яна хвалюецца, трывожыцца. Калі ж дзіця вяртаецца, маці супакойваецца: «Цяпер ужо няма чаго перажываць, бо ён са мною. Ён у небяспецы».

На гэтым свеце, у гэтым жыцці мы ніколі не спазнаем поўнага ўнутранага спакою, бо часта ў нас пасяляецца страх за ўласны лёс ці трывога за іншых. Але гэтак жа, як прысутнасць любімага чалавека прыносіць спакой, для веруючага чалавека спакой сыходзіць ад жывой веры ў прысутнасць добрага Бога нават сярод цярпенняў, страхаў і трывогаў.


Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней