Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра тое, што значыць загубіць сваё жыццё дзеля Езуса.

XXІІ Звычайная нядзеля, год А (03.09.2023)

Езус пачаў адкрываць вучням сваім, што Ён павінен ісці ў Ерузалем і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: «Пане, няхай абміне Цябе гэта; няхай так не здарыцца». Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!»

Тады Езус сказаў вучням сваім: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных».

(Мц 16, 21–27)

Крыху вар’яцтва

Для кожнага, хто не верыць у Хрыста, Евангелле можа гучаць як аповед пра звар’яцелага міфамана. Чароўнага і прывабнага, але ўсё ж звар’яцелага. Бо хіба здолелі б мы ахвяраваць жыццём, калі б не паверылі Яму? У хрысціянстве адчуваецца пэўная доля вар’яцтва: «Яго жыццё мы лічылі вар’яцтвам» (гл. Мдр 5, 4); «Каб жа вы хоць крыху былі паблажлівыя да маёй неразважлівасці» (1 Кар 11, 1).

Насамрэч нашая прыгода з Евангеллем пачынаецца ў той момант, калі мы адважваемся паверыць Хрысту і ў Хрыста. Тады ўсе часткі Евангелля яднаюцца ў адно цэлае; захапляльна складваюцца ў жывы вобраз Хрыста, у якім мы бачым агонь Духа і любоў Айца. І тады мы дакараем сябе: як жа мы дагэтуль маглі быць такімі сляпымі, такімі нячулымі! У святле веры нібы луска спадае з нашых вачэй. «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе?» (Лк 24, 32)

Цяжка потым патушыць гэтае полымя — яно гарыць у нас як мілая Богу ахвяра, што часта супярэчыць логіцы свету; яно гарыць, але не спальвае нас, як было з палаючым кустом Майсея. Гэта адчуваў Ерамія: «І я сказаў сабе: „Не буду ўспамінаць Яго і не буду больш прамаўляць ў імя Ягонае. Але ў маіх касцях з’явіўся нібы палаючы агонь, што быў замкнёны ў касцях маіх“» (Ер 20, 9).

Зыходзячы з гэтай фізічнай перспектывы агню, можна зразумець святога Паўла, які вучыць: «Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу як выраз вашага разумнага служэння. І не дастасоўвайцеся да гэтага веку» (Рым 12, 1). Значыць, не толькі душа, але і цела, якое фізічна звязана з матэрыяльным светам і яго законамі, павінна быць загартаванаю ў гэтым агні.

Аднак сёння вішанькаю на торце з’яўляецца выказванне Пана: «Хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго» (Мц 16, 25). Грэцкае слова, якое азначае жыццё, — гэта bios [βιός], адсюль паходзіць тэрмін «біялогія». Аднак вечнае жыццё ў Евангеллі называецца словам zoé [ζωή]. Езус паказвае сябе таксама як zoé. Праўда, у сённяшнім чытанні ніводнае з гэтых словаў не ўжываецца — ёсць толькі паняцце psychēn [ψυχὴν] (ад слова psychē [ψυχή]). Psychē — гэта ўвесь свет эмоцый, інтэлекту, памяці, рашэнняў і волі, часам яго называюць «душою». Такім чынам, менавіта psychē, інтэлект, эмоцыі і воля павінны пайсці за Хрыстом, каб атрымаць Жыццё ва ўсёй паўнаце, Zoé, гэта значыць, самога Хрыста.


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней