Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Курасем ОР мы разважаем пра тое, што значыць дзейнічаць сэрцам.
XXIV Звычайная нядзеля, год А (17.09.2023)
Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?» Езус адказаў яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.
Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: „Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам“. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугой, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: „Аддай мне, што вінен“. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: „Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе“. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.
Ягоныя сабраты, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар паклікаў яго і сказаў: „Нягодны слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне. Ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?“ I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго кáтам, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму».
(Мц 18, 21–35)
Сэрца разумнае
Каб слухачы не ўспрынялі літаральна тое, што трэба прабачаць семдзесят сем разоў і ні больш ні менш, Езус дадае, што належыць дараваць ад сэрца брату свайму. Калі ўсё адбываецца выключна ў галаве, у думках, то лёгка затрымацца толькі на тэхнічнай сферы: мэта, заданне, сродкі, выкананне.
Так дзейнічае слуга-даўжнік з сённяшняга Евангелля. Ён зразумеў, што апынуўся ў цяжкай сітуацыі, і зрабіў выснову, што яму засталося толькі безразважна паабяцаць усё сплаціць — абяцанне ж заўсёды можна даць. Пасля міласцівага рашэння караля ён пачынае думаць, як здабыць грошы, каб выратаваць свой гонар. Таму, убачыўшы свайго сабрата, хутка ўзгадаў, што можа спагнаць з яго сто дынараў — няшмат, але ўсё ж хоць нешта.
Наш герой не зразумеў, што яго гаспадар дзейнічаў сэрцам — са спачуваннем слухаў абяцанне слугі, якое немагчыма выканаць. Кароль так учыніў, бо ў сэрцы пасялілася надзея. Калі розум гаворыць: «Немагчыма, каб ён столькі аддаў», сэрца падказвае, што ёсць яшчэ іншае выйсце, што справа не безнадзейная.
Аднойчы я чуў, што трэба мець «сэрца разумнае», а не «разумнае сэрца» — найперш рабіць акцэнт на сэрца, а не на розум. Тады мне здавалася гэта смешным рытарычным зваротам. Цяпер жа я малюся, каб сэрца заўсёды падказвала мне выйсце, калі розум ужо выносіць асуджальны прысуд — ці то на іншых, ці то на мяне самога.
Айцец Гжэгаж Курась ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».