
Сёння разам з айцом дамініканінам Мікалаем Вальчакам ОР мы разважаем над сімвалічным сэнсам прыпавесці пра работнікаў у вінаградніку і справядлівую плату, якую атрымаў кожны з іх.
XXV Звычайная нядзеля, год А (24.09.2023)
Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: «Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік. Дамовіўшыся з работнікамі па дынары за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік. Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: „Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, а я справядліва заплачу вам“. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, зрабіў тое самае. Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: „Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?“ Яны сказалі яму: „Нас ніхто не наняў“. Ён сказаў ім: „Ідзіце і вы ў вінаграднік“.
Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: „Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых“. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: „Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку!“ У адказ ён сказаў аднаму з іх: „Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?“ Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі».
(Мц 20, 1–16а)
«Вазьмі сваё»
Прыпавесць з сённяшняга евангельскага чытання нам добра вядомая. Яна датычыць нашага чалавечага паняцця справядлівасці: паколькі я цяжка працаваў цэлы дзень, то павінен атрымаць большую ўзнагароду, чым той, хто працаваў толькі адну гадзіну. Несумненна, гэта ключ да прыпавесці, якая закранае ў нас штосьці відавочнае і натуральнае, каб даць нам шанец узняцца вышэй і ўбачыць рэчаіснасць вачыма Бога.
Прыпавесць пра работнікаў у вінаградніку — гэта не гісторыя пра ўдала зладжаную карпарацыю, а пра Божае Валадарства, у якім пануюць іншыя законы. Бог прыходзіць на «рынак» гэтага свету, каб паклікаць нас у сваё Валадарства. Большасць з нас Ён паклікаў ужо з самай калыскі, але не ўсе прынялі запрашэнне да працы ў вінаградніку. Магчыма, некаторыя часам уцякаюць з яго — па прычыне ўласнай слабасці, грэшнасці, або зведзеныя іншымі работнікамі, якія замест таго, каб працаваць, нішчаць вінаграднік. Прычынаў таго, што мы сёння бяздзейна сядзім на рынку, можа быць шмат. Дакладна адно — да апошняга дня нашага жыцця Бог цярпліва і ненавязліва будзе выходзіць на гэты «рынак» і запрашаць да працы за справядлівую плату. Ён не будзе цягнуць нас туды сілаю, як не цягнуў работнікаў у апошнюю гадзіну, якіх убачыў яшчэ раніцаю.
У прыпавесці справядліваю платаю з’яўляецца дынар. Гэта значыць, што гаспадар кожнаму са сваіх работнікаў дае сродкі для ўтрымання на наступны дзень. І ў нашым зямным жыцці мы штодня можам атрымаць гэты «дынар» — асвячальную ласку, якая працуе ў нас, дазваляе нам ужо цяпер спазнаць прысутнасць Нябеснага Валадарства.
Калі мы жывем у ласцы — слухаем Божае слова і прымаем сакрамэнты — мы штодня можам пачуць ад Хрыста: «Вазьмі сваё і ідзі», упэўненыя, што перажывем наступны дзень. Аднак настане хвіліна, калі гэтыя апошнія словы зменяцца. Езус скажа: «Вазьмі сваё і ўвайдзі ў радасць свайго Пана».
Давайце не будзем засяроджвацца на тым, якімі работнікамі мы цяпер з’яўляемся — першымі ці апошнімі, але як толькі пачуем голас Гаспадара, пойдзем у вінаграднік, возьмем сваё і будзем радавацца збаўленню — ужо сёння і ў вечнасці.
Айцец Мікалай Вальчак ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».