Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра будаванне клапатлівай блізкасці паміж бацькам і сынам.
XXVІ Звычайная нядзеля, год А (01.10.2023)
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу: «Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: „Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку“. Але той адказаў: „Не хачу!“ Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: „Іду, гаспадару“. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Тады Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае. Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму».
(Мц 21, 28–32)
Захоўваючы ў памяці вобраз Айца
Адна з асноўных сацыяльных хваробаў сучаснай цывілізацыі — праблема ідэнтычнасці. Ідэнтычнасць асобы ўсё часцей ставіцца пад пытанне, і многія традыцыйныя віды ідэнтычнасці цяпер часта выклікаюць сумненні. Ёсць таксама меркаванне, што праблема ідэнтычнасці і няўпэўненасць у сабе часта бываюць звязаныя з хваравітымі адносінамі з бацькам або іх таксічнаю формаю, а часам з поўнай іх адсутнасцю. Людзьмі без самасвядомасці і асабістай свабоды лёгка маніпуляваць.
У сённяшняй прыпавесці бацька прысутны, і яго прысутнасць вельмі актыўная. Больш за тое, ён звяртаецца да дзіцяці словам «сыне», будуючы праз гэта асабліва блізкія адносіны ў сям’і. У такім звароце адчуваецца годнасць кожнага з сыноў, а таксама годнасць бацькі — сыны звяртаюцца да яго словам κύριε [kyrie], або «Гаспадару», як гэта было прынята ў старажытнасці.
У пазіцыі сыноў заўважная свабода, якую дае ім бацька. Сын можа прымаць рашэнні. Можа нават змяніць сваё меркаванне. Ён — не слуга, а менавіта сын. Аднак абсалютнаю квінтэсенцыяй бацькоўска-сыноўскіх адносінаў у сённяшнім фрагменце Евангелля, свайго роду crème de la crème згаданага ўрыўка з’яўляецца дзеяслоў μεταμεληθεὶς [metamelētheis], перакладзены як «апамятацца», аднак у даслоўным перакладзе інфінітыў metamelomai мае прыкладна такое значэнне: «змяніцца пасля прабывання з кімсьці, ад каго спазнаў клопат і апеку».
Ці ж не з’яўляецца гэта прыгожым заахвочваннем для кожнага бацькі? Сыноў трэба выхоўваць так, каб у будучыні, нават калі яны збочаць з добрага шляху, спазнаўшы раней клапатлівую блізкасць сваіх бацькоў, яны маглі з часам «апамятацца», захоўваючы ў памяці вобраз Сапраўднага Айца.
Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».