Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем над сэнсам прыпавесці пра вінаграднік і вінаградараў, якім гаспадар даручыў аддаваць плады ў адпаведны час.
XXVІІ Звычайная нядзеля, год А (08.10.2023)
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: «Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў. Калі ж наблізіўся час ураджаю, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць свой ураджай. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Той зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: „Ушануюць сына майго“. Але, убачыўшы сына, вінаградары сказалі адзін аднаму: „Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай“. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?» Адказалі Яму: «Злачынцаў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час». Езус сказаў ім: «Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла. Пан учыніў гэта, і дзіўнае яно ў вачах нашых?»
Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.
(Мц 21, 33–43)
Бог шукае чалавека
Вобраз вінаградніка з’яўляецца ў двух сённяшніх чытаннях — у фрагменце з Кнігі прарока Ісаі і ў Евангеллі паводле святога Мацвея. Ён паходзіць з інтымнай лірыкі і вельмі часта сімвалізуе абранніцу.
Урывак з Кнігі прарока Ісаі пачынаецца са словаў сябра жаніха. Гэта важны чалавек падчас габрэйскага шлюбу, вядомы нам таксама з Евангелля, дзе Ян Хрысціцель называе сябе сябрам Жаніха. Той жаніх, пра якога гаворыцца ў Кнізе прарока Ісаі, пасадзіў найлепшы вінаграднік на ўрадлівай зямлі, ачысціў яго ад камення, абгарадзіў мурам, каб абараніць ад жывёлаў і залевы. Аднак замест добрых пладоў вінаграднік даў дзікія ягады. Жаніх скардзіцца на вінаграднік, папярэджвае, што прыбярэ агароджу, каб яго знішчылі жывёлы, каб у ім разраслося пустазелле і ён высах. Сэнс гэтай прыпавесці такі, што вінаграднікам Пана з’яўляецца дом Ізраэля, які не даў пладоў справядлівасці, і таму Бог дапусціць на яго няшчасці.
У Евангеллі прыпавесць пра вінаграднік крыху зменена. Тут ён даручаны вінаградарам, якія не жадаюць аддаць гаспадару належнага прыбытку (як фарысеі?) і нават забіваюць яго сына, разлічваючы на тое, што цяпер вінаграднік будзе належаць ім. Аднак гаспадар забірае вінаграднік у нягодных слугаў і сурова карае іх.
Аднак тут найважнейшы не матыў справядлівага пакарання. Самым важным з’яўляецца Сын, найбліжэйшы да Айца. Ён прыходзіць у свае ўладанні, і Яго забіваюць. Менавіта Сын, забойства якога нібыта павінна было прывесці да захопу Яго ўладанняў, стаў фундаментам чагосьці новага — Божага Валадарства, плады якога будуць даступныя ўсім людзям.
Габрэйскі філосаф Абрагам Іешуа Хешэль калісьці напісаў, што не толькі чалавек шукае Бога, але і Бог шукае чалавека. А дакладней, Бог шукае праведнага чалавека. У перспектыве хрысціянства мы напэўна сказалі б, што Бог шукае святога чалавека. Гэтыя пошукі я разумею так: Бог не столькі шукае аднаго справядлівага сярод мноства несправядлівых, колькі стваре ўмовы, каб кожны мог знайсці шлях справядлівасці і святасці. Адсюль і вінаграднік, адсюль і клопат пра яго.
Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».