Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Курасем ОР мы разважаем над сэнсам прыпавесці пра караля, які справіў вяселле для свайго сына і тройчы клікаў на яго запрошаных.
XXVІІI Звычайная нядзеля, год А (15.10.2023)
Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: «Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: „Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле“. Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.
Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён сказаў сваім слугам: „Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле“. Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: „Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?“ Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: „Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў“. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».
(Мц 22, 1–14)
Ігнарант па ўласным выбары
Калі б гэтая евангельская прыпавесць у прамым сэнсе датычылася гасціны, можна было б рабіць здагадкі: як жа гэта выглядала, калі ў залу ўвайшлі тыя, хто на пачатку не быў запрошаны. Дадаткова мы маглі б дадумваць, як жа так адбылося, што адзін чалавек увайшоў без адпаведнага ўбрання — ці то прабраўся праз чорны ход, ці то праігнараваў брамніка. Належала б таксама пашукаць адказу на пытанне пра тое, наколькі годная гэтая вясельная гасціна, калі там прысутнічаюць толькі чужыя людзі, а кагосьці ўвогуле адтуль выгналі. Можна было б паразважаць… калі б сапраўды ішла гутарка пра гасціну.
У той жа час Езус выразна адзначае, што Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў гасціну, а не на гасціну, падрыхтаваную каралём. Таму звернем увагу менавіта на караля. Ён запрашае на гасціну тройчы (два разы —першапачаткова выбраную групу людзей, а трэці раз — усіх тых, хто сустрэўся на вуліцы) і не застаецца абыякавым да знявагі. У ім пераважае жаданне падзяліцца радасцю, а не караць.
Кароль не карае ўсіх, хто стаў на яго шляху, а толькі тых, хто свядома яго праігнараваў — або адмовіўшыся ад запрашэння, або ўвайшоўшы па ўласных прынцыпах.
Магчыма, размова караля з чалавекам, які потым будзе выгнаны, — гэта перасцярога для тых людзей, якія думаюць, што ўласных уяўленняў і спрыту ім дастаткова, каб увайсці ў Валадарства Нябеснае: малітва — толькі на пенсіі; споведзь — толькі раз у год; прабачэнне — варыянт для слабакоў. Богу свечку, а д’яблу агарак…
Айцец Гжэгаж Курась ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».