Закон Боскай гравітацыі

Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра запаведзі любові да Бога і бліжняга.

XXX Звычайная нядзеля, год А (29.10.2023)

Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: «Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?» Езус адказаў яму: «„Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім“. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: „Любі бліжняга твайго, як самога сябе“. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі».

(Мц 22, 34–40)

Закон Боскай гравітацыі

Адказ, атрыманы пабожным габрэем ад Езуса, — гэта не толькі пацвярджэнне запавету любові, які Бог заключыў са сваім народам, але перш за ўсё тлумачэнне таго, што вынікае з гэтага запавету. Пытанне пра найбольшую запаведзь можна разумець выключна як тэарэтычную рэлігійна-прававую праблему, тады ад яе вырашэння залежыць ацэнка маральнасці чалавека і яго ўчынкаў, ацэнка яго дабрыні. Аднак тут гутарка ідзе пра штосьці больш істотнае і жыццёвае. Адказваючы на пытанне, Езус дае нам доступ да дыхання жыцця. Яго словы скіроўваюць да сутнасці нашых адносінаў з Богам. «Szema Israel» — гэта малітва, якую габрэі штодня паўтараюць як практыкаванне ў адкрытасці сэрца і памяці пра тое, што Пан Бог — адзіны. Толькі ў Ім і з Ім жыццё мае сэнс і важкасць, Ён вызваляе кожнага, хто звязаны запаветам, для велічы. Такім чынам, любіць Бога ўсім сэрцам — значыць выбіраць Яго, скіроўваць да Яго свае жыццёвыя, штодзённыя крокі. Просьба любіць усім сэрцам — гэта заклік быць цалкам верным Яму, будаваць жыццё паводле Яго слова. Тут няма месца на «так, але…», на выключэнне ці няўпэўненасць.

У той жа час любіць Бога ўсёй душою (яе разумелі як носьбіт жыцця) азначае заставацца ў еднасці з Крыніцаю. Гэтак жа, як Зямля, што круціцца вакол Сонца, застаецца залежнаю ад яго ва ўзаемнай гравітацыі, так і з чалавекам: альбо ён прыцягваецца да Бога і ў пэўнай ступені глядзіць па-за самім сабою, альбо круціцца вакол уласнага «я». Згода чалавека знаходзіцца ў полі ўздзеяння Бога азначае прызнанне жыцця як Боскага дару і адкрыццё ў ім Боскага Логасу. Тут мы падыходзім да таго, штó Езус акрэсліў словамі «любіць Яго ўсім розумам», гэта значыць, органамі пазнання. Евангеліст Ян назваў пазнаванне Бога вечным жыццём, або чымсьці такім, што ніколі не надакучыць і не скончыцца. Тут можна было б паставіць кропку і закрыць тэму, але замест гэтага Езус гаворыць пра другі прынцып жыцця — братэрскую любоў. Ён сам пакажа на Галгоце, як трэба любіць, каб нашае праслаўленне Бога не было толькі знешнім. На крыжы Хрыстус назаўсёды спалучыць яго з любоўю да іншага чалавека. Менавіта ў Хрысце Бог дае чалавеку чалавека як брата і бліжняга. Уменне бачыць іншага і адносіцца да яго як да свайго бліжняга з таго часу стала нормаю любові. Адна запаведзь стала мераю другой. Немагчыма па-сапраўднаму быць з Богам, застаючыся сляпым на брата. Немагчыма таксама любіць брата, не чэрпаючы сілы з Боскай Крыніцы.


Айцец Томаш Заморскі ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней