Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра тое, што з’яўляецца крыніцаю сапраўднай сціпласці.

XXXІ Звычайная нядзеля, год А (05.11.2023)

Езус прамовіў да натоўпу і сваіх вучняў: «Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры. Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах, і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх „раббі“. Вы ж не дазваляйце называць сябе „раббі“, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. Не дазваляйце таксама называць сябе правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстус. Большы з вас няхай будзе для вас слугою. Бо той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».

(Мц 23, 1–12)

Сціпласць

Адно з найбольш вядомых тэалагічных выказванняў святога Тамаша Аквінскага — «Ласка стварае на натуры». Іншымі словамі, тое, што паходзіць ад Бога, будуе і стварае на тым, што ў чалавеку натуральнае, і з тым, што натуральнае, хоча супрацоўнічаць.

Мы вельмі добра ведаем, што ў адносінах паміж людзьмі істотнае значэнне мае стыль іх узаемадзеяння. Ветлівасць, добрыя манеры, асабістая культура, чуласць да іншага чалавека палягчаюць стасункі. Асабліва важна гэта для тых, чыя праца звязана з дапамогаю людзям, — для ўрачоў, настаўнікаў, святароў і г.д. Дзецям горкія лекі даюць у салодкай абалонцы. Напалоханым людзям праўду гавораць далікатна. «Ласка стварае на натуры».

Аднак сёння засяродзімся на тых людзях, якія пакліканыя да непасрэднага служэння Богу, бо чытанні гэтай нядзелі ў вялікай ступені засяроджваюць нашу ўвагу менавіта на іх. Адносна натуры галоўную падказку ў тым, каб ласка магла паплысці хуткім струменем, мы знаходзім у словах святога Паўла: «Мы сталіся немаўлятамі сярод вас <...>. Мы абвяшчалі вам Евангелле Божае». Для Божых людзей сціпласць як натуральная пазіцыя павінна быць найважнейшаю рысаю, і тут не ідзе гутарка пра характар ці тэмперамент. З Кнігі Лічбаў мы даведваемся пра Майсея, што ён «быў вельмі сціплым чалавекам, больш за ўсіх людзей на паверхні зямлі» (Ліч 12, 3). Для кантрасту Пан Езус у сённяшнім чытанні насуперак гэтаму кажа, што «пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі».

Дзе крыніца праўдзівай сціпласці? Яна крыецца ў тым, каму мы на самай справе хочам спадабацца. Фарысеі і вучоныя ў Пісанні хочуць «паказацца людзям», таму яны сталі антыподамі Майсея. У той жа час святы Павел у іншым фрагменце Бібліі дзеліцца такім разважаннем: «Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста!» (Гал 1, 10). Бог праз прарока Малахію сёння сказаў яшчэ больш даступна: мы павінны аддаваць хвалу менавіта Яго імені…


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней