
Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра чуванне і малітву, якія з’яўляюцца своеасаблівым Каўчэгам збаўлення.
І Нядзеля Адвэнту, Год В (03.12.2023)
Езус сказаў сваім вучням: «Будуць знакі на сонцы, месяцы і зорках, а на зямлі — трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца нябесныя моцы. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і вялікай славаю.
Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне.
Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём, п’янствам і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым».
(Лк, 25–28. 34–36)
Адно здарэнне — двайное наступства
Думка, пра якую я напішу ніжэй, узнікла ў мяне ў іншым кантэксце, аднак яна таксама адносілася да апакаліптычнага здарэння. Гутарка ішла пра патоп у часы Ноя. Тая ж самая вада, якая патапіла свет, несучы смерць і знішчэнне людзям, узнесла Ноя на паверхню і стала для яго збаўленнем. Тое, што было неразумным у вачах свету, — каўчэг, будаваны здалёк ад мора, — стала сімвалам Касцёла і прыладаю збаўлення.
Падобную сітуацыю мы можам назіраць у сённяшнім чытанні з Евангелля: трывожныя знакі на сонцы і ў небе, хваляванне бездапаможных народаў на зямлі перад шумам мора і штормам як сімвалам смерці і знішчэння, для хрысціянаў адначасова становяцца прадвесцем таго, што надыходзіць Сын Чалавечы, што хутка настане дзень спаўнення Божых абяцанняў, суцяшэння, хвалы і радасці. Таму Езус гаворыць у сённяшнім Евангеллі: калі іншыя будуць млець ад страху, вы, наадварот, «выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне». У падобным духу гучаць словы прарока Ераміі, калі ён абвяшчае: «Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі Я выканаю абяцанне». Як бачым, здарэнне адно — а наступства двайное.
Пан чакае ад нас толькі чування і малітвы. Такім чынам будуецца Каўчэг Збаўлення. Што ж такое чуванне, калі не любоў? Ці сплю я, ці працую, я павінен быць гатовым праявіць любоў. Таму святы Павел усклікае ў сённяшнім чытанні: «Пан няхай памножыць вас і перапоўніць любоўю адзін да аднаго». У той жа час малітва — гэта сустрэча: ці ў глыбіні сваёй душы, ці ў святыні, у Касцёле. «Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым». Як бачым, можна пазбегнуць знішчэння і радавацца сустрэчы з Сынам, які прыходзіць.
Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».