Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем пра шматзначны сэнс прароцкага закліку «Падрыхтуйце дарогу Пану».
ІІ Нядзеля Адвэнту, год В (10.12.2023)
Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага.
Як напісана ў прарока Ісаі:
«Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,
які падрыхтуе дарогу Табе.
Голас таго, хто кліча ў пустыні:
„Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму“».
З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў. Выходзілі да Яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі. Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд.
Ён прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
(Мк 1, 1–8)
Падрыхтуйце дарогу Пану
У сённяшняй літургіі слова духоўныя справы ілюструюцца вобразамі, звязанымі з геаграфіяй Палестыны. Тая частка Святой Зямлі, дзе знаходзіцца Ерузалем, — гэта гарыстая мясцовасць з узвышшамі да 1000 метраў над узроўнем мора. Ерузалем размешчаны на вышыні каля 600 метраў над узроўнем мора, а на паўднёвы ўсход ад горада Давіда знаходзіцца Мёртвае Мора ў 400-метровай упадзіне. Як бачым, тут людзям даводзіцца хадзіць то пад гару, то з гары. Зразумела, гэта не Гімалаі, аднак падарожнікам хацелася б больш камфортнага пераходу, асабліва даўней, калі людзі яшчэ перамяшчаліся толькі пешшу або на жывёле.
Горы аддзяляюць людзей, гарады і вёскі; гарыстую мясцовасць цяжка пераадолець. Выраўніванне ўзгоркаў і далінаў значна спрасціла б шлях. Калі ісці за рэлігійнай метафарай, то гэта дало б магчымасць падрыхтаваць Пану просты шлях, каб Ён лягчэй дайшоў да нас, аздаравіў нас і збавіў. Хрост навяртання, які ўдзяляў Ян Хрысціцель, а таксама прадказанне прыйсця Месіі — гэта менавіта адказ на заклік Ісаі і іншых прарокаў «падрыхтаваць дарогу Пану».
Прадказанае прыйсце Пана мае шмат значэнняў. У прароцтве Ісаі мы можам знайсці згадку пра вызваленне з бабілёнскай няволі і прадказанне Месіі. У пасланні святога Пятра ідзе гутарка пра тое, што Пан прыйдзе ў канцы часоў, пра новую зямлю і новае неба. Для нас асабіста прыйсце Пана можа азначаць тое, што мы будзем лепшымі людзьмі, лепшымі вучнямі і вучаніцамі Хрыста.
Горы і даліны, якія павінны быць выраўненыя, — гэта недасканаласць нашай чалавечай натуры, абцяжаранай схільнасцю да зла, што ў тэалогіі акрэсліваецца тэрмінам першароднага граху. Мы — недасканалыя стварэнні, якія жывуць у недасканалым свеце. Першародны грэх азначае страту гармоніі з Богам, бліжнімі, светам і з самімі сабою. Гэта тыя нашыя горы і даліны, якія мы павінны выраўняць, рыхтуючыся да прыйсця Пана. Мы ведаем, што гэта нялёгка і ў адно імгненне не робіцца. Галоўнае — штогод усё больш набліжацца да вызначанай мэты, з кожным Адвэнтам рабіць гэта нанова.
Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».