Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра таямніцу ўцелаўлення Бога ў нашым штодзённым жыцці.
Урачыстасць Нараджэння Пана, год В (25.12.2023)
На пачатку было Слова,
і Слова было ў Бога,
і Богам было Слова.
Яно было ў Бога на пачатку.
Усё праз Яго сталася,
і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася.
У Ім было жыццё,
і жыццё было святлом людзей.
А святло свеціць у цемры,
і цемра не агарнула яго.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога;
імя ягонае было Ян.
Ён прыйшоў дзеля сведчання,
каб засведчыць пра святло,
каб усе паверылі праз яго.
Не быў ён святлом, але быў пасланы
даць сведчанне пра святло.
Было святло праўдзівае,
якое асвятляе кожнага чалавека,
які прыходзіць на свет.
У свеце было,
і свет праз Яго стаўся,
і свет не пазнаў Яго.
Да свайго прыйшло,
і свае Яго не прынялі.
А тым, якія прынялі Яго,
дало ўладу стаць Божымі дзецьмі,
што вераць у імя Ягонае,
якія не ад крыві,
і не ад жадання цела,
і не ад жадання мужа,
але ад Бога нарадзіліся.
Слова сталася целам
і пасялілася між намі,
і ўбачылі мы славу Ягоную,
славу, якую мае ад Айца Адзінародны,
поўны ласкі і праўды.
Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра якога я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».
Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў.
(Ян 1, 1–18)
А напрыканцы — новы пачатак
Калі мы патушым свечкі і паздымаем з ялінкі ўпрыгожванні, вынесем дрэўца, складзем вігілійны абрус, проста прыбярэмся, што застанецца? Памяць пра пахі, смакі, атмасферу сямейнага цяпла? Ці ўдаліся чарговыя святы? А можа, варта запытацца пра тое, што змянілася ў душы, унутры нас? Што адбылося або чаго не хапала?
Сямейнае свята, поўнае рытуалаў, можа зацьміць драму нежаданай і непрынятай любові. Аднак у самой сутнасці Божага Нараджэння ўтрымліваецца гэтае вельмі простае пасланне: Бог-Любоў, дае сябе пазнаць, дакрануцца да сябе ў кволасці і будзённасці, можна сказаць — у безабароннасці дзіцяці. Мы чуем пра гэта ў Евангеллі: «Слова сталася целам і пасялілася між намі». Гэта значыць, што Пан прыняў лёс кожнага чалавека, які жыве на зямлі. Прыняў, і таму ведае яго знутры. Блізкімі сталі Яму нашыя нягоды, боль, адзінота, страхі, надзеі, радасці, моманты шчасця і гармоніі. З гэтых хвілінаў складваецца наша непаўторнае і такое мімалётнае жыццё. Усе гэтыя моманты, сустрэчы, выпрабаванні Ён робіць важнымі і значнымі, як бы дакранаецца да іх, дапаўняе і надае ім сэнс. Без Яго мы не распазнаем Боскага плану.
Ва ўцелаўленні — менавіта так у тэалогіі называецца цуд нараджэння Бога як чалавека, — заключаецца гэтая моц упісвання чалавечых справаў і чалавечага жыцця ў Божае жыццё. Бог хоча аддаць нам саміх сябе, каб мы змаглі прыняць уласнае жыццё. Хоча, каб мы знайшлі шлях да іншага чалавека без фальшывых пытанняў пра тое, хто ж мой бліжні. Бо Яго слова — слова паяднання, якое здабывае брата. І гэта яшчэ не ўсё: у Ім мы зноў атрымліваем доступ да Айца, у Ім таксама ўвесь свет атрымлівае збаўленне! Бог заўсёды прыходзіць як новы пачатак.
Заклік Бэтлеема гучыць так: «Стань зноў домам для Бога. Не дапусці, каб Слова прыйшло дарэмна. Дазволь, каб Яно сталася целам. Убач, пачуй, вазьмі Яго ў свае рукі, інакш не пазнаеш дару Бэтлеема, дару ўцелаўлёнага Слова».
Айцец Томаш Заморскі ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».