Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Галюбеўскім ОР мы разважаем пра заданне Касцёла наследаваць Езуса ў спачувальным дотыку да чалавечых ранаў.
VІ Звычайная нядзеля, год В (11.02.2024)
Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты. Езус сурова звярнуўся да яго яго і зараз жа адправіў. І сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за сваё ачышчэнне, як загадаў Майсей, на сведчанне ім». Але той, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і расказваць пра здарэнне, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, а заставаўся звонку, у пустынных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.
(Мк 1, 40–45)
Не баяцца дакрануцца да ранаў
Пан Езус аздараўляе пракажонага. У гэтай гісторыі ёсць адзін момант, які, верагодна, рабіў большае ўражанне на першых адрасатаў Евангелля, чым на нас: Езус са спачуваннем дакрануўся да хворага. Для ізраільцянаў было ясна, што пракажоныя — нячыстыя, да іх нельга дакранацца. Для слухачоў з іншых народаў таксама было відавочна: пракажоны адштурхоўвае ўжо самім сваім выглядам, а калі да яго дакрануцца, то можна заразіцца.
На адным са старажытных жывапісных твораў гэтая сцэна паказана такім чынам: адразу ж за Хрыстом відаць Яго вучняў, і на іх чале ідзе святы Пётр. Гледзячы на тое, што адбываецца, Апостал падняў руку, паўтараючы жэст Настаўніка, які дакрануўся да пракажонага. У гэтым жэсце святога Пятра прадвяшчаецца тое, што на працягу стагоддзяў будзе рабіць Касцёл, не баючыся са спачуваннем дакрануцца да чалавечых ранаў.
Па-першае, гэта датычыць сакрамэнту пакаяння. Праказа ў Святым Пісанні і Традыцыі — сімвал граху (узгадаем Мірыям, сястру Майсея, пакараную за віну праказаю). У споведзі Касцёл дакранаецца да найцяжэйшых чалавечых ранаў, да тых ранаў, якія найбольш адштурхоўваюць і з’яўляюцца вынікам духоўнай праказы граху, — Касцёл аздараўляе іх моцаю Езуса.
Па-другое, супольнасць Касцёла на працягу стагоддзяў клапоціцца пра тых, хто церпіць фізічна, ён апякуецца хворымі і лечыць іх — зразумела, у тым ліку і пракажоных. Тут у памяці паўстаюць св. Даміян з Малакаі, святая маці Тэрэза з Калькуты і польская «маці пракажоных» Ванда Блэньска. Гэтыя і многія іншыя людзі наследавалі Хрыста ў спагадлівым дотыку да хворага.
Жэст Пана Езуса паўтараецца яшчэ адным менш відавочным спосабам. Гэта адбываецца тады, калі Яго вучні і вучаніцы стараюцца прыходзіць з дапамогаю ў тыя месцы і сітуацыі, якія ў іншых людзей выклікаюць страх ці агіду. Напрыклад, святы Дамінік, які абвяшчаў Евангелле сярод катараў; святы Ян Божы, які хадзіў да прастытутак, заахвочваючы іх змяніць сваё жыццё; члены супольнасцяў, якія дзейнічаюць у Фавелах, сярод бяздомных і наркаманаў.
Таксама і сёння Хрыстус са спачуваннем дакранаецца да многіх людзей праз свой Касцёл і аздараўляе іх.
Айцец Міхал Галюбеўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».