Вялікі пост у моцы Духа

Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра перажыванне Вялікага посту паводле натхнення Духа Святога.

І Нядзеля Вялікага посту, год В (18.02.2024)

Дух павёў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, а сатана выпрабоўваў Яго; і быў Ён са звярамі, і анёлы служылі Яму. Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: «Споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле».

(Мк 1, 12–15)

Вялікі пост у моцы Духа

Калі я зірнуў на адзін з дзеясловаў у сённяшнім Евангеллі, мне ўзгадаліся каўбойскія фільмы. Ведаю, недарэчная думка! Але я працягну яе: адзін з герояў фільма хапае другога за грудкі і выкідвае яго з бара. Гэты дзеяслоў — па-грэцку ekballo — дакладна перакладаецца як «выцягнуць», «выкінуць вонкі». У Евангеллі ён часта сустракаецца ў сітуацыях, калі Езус сваёю моцаю і аўтарытэтам выганяў з людзей дэманаў, злых духаў. Гэты ж дзеяслоў таксама быў выкарыстаны пры апісанні дзеяння, калі Езус выганяў гандляроў са святыні.

Таму згаданае слова ў сённяшнім чытанні вельмі здзіўляе: Тым, хто «выцягвае», «выкідвае вонкі», з’яўляецца Дух Святы; а Той, над кім гэтае дзеянне ўчыняецца, — сам Пан Езус. Ён проста «выкінуты», «выцягнуты» ў пустыню. Відавочна, у перакладзе, які мы выкарыстоўваем, гэтае слова эўфемістычна перакладзена як «вывеў» — нібыта перакладчык спалохаўся даслоўнай экспрэсіі, скіраванай на самога Хрыста. У астатніх выпадках гэты дзеяслоў перакладзены ўжо дакладна. Значыць, гэта не Езус меў намер выйсці ў пустыню, а Дух Святы Яго туды «выцягнуў», перш чым Пан распачаў абвяшчэнне Евангелля.

Падобна бывае і ў нашым жыцці: перш чым мы сур’ёзна возьмемся за нейую духоўна важную справу, трэба перажыць «пустыню», рэкалекцыі, пост. І зрабіць гэта не паводле нашага ўласнага бачання, а паводле намераў Духа Святога. Часта гэта можа нам не падабацца, калі мы маем іншыя схільнасці, ідэі, капрызы — не такія «састарэлыя», як пост, ды яшчэ ў дадатак «Вялікі», але прывабныя і дастасаваныя да густаў сучаснага чалавека, які сам распараджаецца сабою, вызвалены ад усялякіх бар’ераў, тым больш рэлігійных. Зразумела, я крыху іранізую. Але я заклікаю быць уважлівымі і чуйнымі да саміх сябе. Таму ў кожным выпадку, калі мы маем іншыя рэлігійныя спядзяванні ці больш арыгінальныя духоўна-эстэтычныя густы, тым мацней трэба маліцца, каб Дух Святы пажадаў нас па-свойму «схапіць за грудкі» і «выцягнуць» на пустыню паводле ўласнай задумы, а не паводле нашых уяўленняў. Такім чынам, зычу ўсім добрых перажыванняў у Вялікім посце ў моцы Духа Святога!


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней